Падзяка за службу

У маі 2021 года наш зямляк ляхавічанін Арцём Свянтэцкі быў прызваны на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Беларусі. Яго салдацкія будні праходзяць у першай гаўбічна-самаходнай артылерыйскай батарэі гаўбічна-самаходнага артылерыйскага дывізіёна вайсковай часці 20670.
Нядаўна са Слонімшчыны ў адасобленую групу ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў прыйшла службовая характарыстыка на гвардыі яфрэйтара Арцёма Свянтэцкага, у якой камандаванне дало высокую ацэнку яго салдацкім ведам і ўменням, добрасумленным адносінам да выканання воінскага абавязку і вырашэння пастаўленых задач.
Наш зямляк у калектыве карыстаецца павагай і аўтарытэтам, прымае актыўны ўдзел у жыцці падраздзялення. Пра ўзорную службу салдата расказаў «ЛВ» начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута. Камандаванне вайсковай часці накіравала бацькам салдата Падзячнае пісьмо за дастойнае выхаванне сына.
Такія факты з салдацкага жыцця – прыклад для пераймання юнакам, якія зараз рыхтуюцца стаць у строй. А яшчэ пацвярджэнне, што армія – гэта школа жыцця, якую павінен прайсці кожны сапраўдны мужчына.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.