Адказ адназначны. Жыхары Ляхавіччыны разважаюць, чаму яны пойдуць на рэферэндум

Ці пайду я на рэферэндум? Для мяне адказ адназначны: абавязкова. Інакш і быць не можа. Я грамадзянін сваёй краіны. І мой абавязак, ды і жыццёвая пазіцыя – не быць абыякавай да тых падзей, што адбываюцца ў нашай роднай Беларусі. А рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю – падзея выключнай важнасці для кожнага беларуса. Бо менавіта Асноўны Закон краіны – важнейшы дакумент, які стане асновай развіцця нашага грамадства на працяглы час.
Уважліва вывучыла ўсе асноўныя дапаўненні ў Канстытуцыю. Як работнік культуры, маці, асаблівую ўвагу звярнула на змяненні, што тычацца сацыяльнай сферы. І рада, што па-ранейшаму наша Беларусь застаецца сацыяльна арыентаванай дяржавай. Дзяржава садзейнічае духоўнаму, інтэлектуальнаму, фізічнаму развіццю моладзі, ёсць гарантыі даступнасці сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі згодна са здольнасцямі кожнага. Такія гарантыі актуальныя для ўсіх сем’яў, у тым ліку і для маёй. Наша дачка пакуль школьніца, і сёння ёсць упэўненасць, што, прыклаўшы намаганні, яна можа паспяхова рэалізоўваць сябе не толькі ў вучобе, але і развіваць творчыя здольнасці.
Лічу рэферэндум той падзеяй, у якой павінен паўдзельнічаць кожны з нас, беларусаў, хто мае права голасу. Мы павінны прыйсці на ўчасткі і выказаць сваё волевыяўленне. Ад удзелу кожнага залежыць агульны лёс нашай краіны. Галасуем за прыгожую будучыню Беларусі!
Наталля БАГДАНОВІЧ,
бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі,
старшыня прафсаюзнай пярвічкі.