Адборнае, даведзенае да патрэбных кандыцый зерне гаспадаркі Ляхавіцкага раёна адпраўляюць у засекі дзяржавы.

Сёлета Ляхавіччына павінна паставіць 13540 тон збожжа. З самага пачатку ўборачнай кампаніі над заданнем працуюць у кожным сельгаскааператыве. Выкананы план (на 131,5 працэнта) па продажы піваварнага ячменю.
2 гаспадаркі — СВК «Ляхавіцкі» і «Канюхі» — поўнасцю справіліся з выкананнем дзяржзаказу. Штодзень прыбаўляецца рэйсаў на прыёмны пункт з СВК «Шлях новы», «Жарабковічы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». У той жа час яшчэ 2 сельгаспрадпрыемствы — аграрны каледж і СВК «Тальмінавічы» — не прыступілі да выканання важнейшага задання. Марудна адгружаюць хлеб дзяржаве ў СВК «Ліпнянка» і «Востраў-Агра», якія адправілі адпаведна 122 і 27 тон зерня.
Пакуль што раён выканаў дзяржзаказ на 51 працэнт, адгружана 6901 тона зерня. Як адзначыў начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак, хоць жніво ў раёне пачалося з невялікім спазненнем, і ў некаторых гаспадарках недастаткова дакладна арганізаваны ўборачны канвеер, у цэлым па раёне справы ідуць паспяхова.
— Радуе ўраджайнасць зерневых — самая высокая ў вобласці: з кожнага гектара намалочваем па 40,7 цэнтнера, — адзначае Алег Анатольевіч.
З выкананнем дзяржзаказу наш раён на даны момант не ў лідарах. Але, як запэўніў начальнік райсельгасхарчу, з продажам зерня дзяржаве павінны справіцца да 25 жніўня.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *