І спорт, і перамогі, і любоў

Дзмітрый ЛОБАН, майстар спорту міжнароднага класа, прызёр Паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы, неаднаразовы пераможца і прызёр чэмпіянатаў і Кубка свету, член Нацыянальнай зборнай Беларусі па лыжных гонках і біятлоне.

Апошнім часам большую частку года правожу не дома. Зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы — і так з дня ў дзень. Безумоўна, як толькі з’яўляецца магчымасць, імкнуся пабываць дома, на сваёй малой радзіме — у дарагой і любімай усім сэрцам вёсцы Ганчары. Тут прайшло дзяцінства, юнацтва, адсюль спяшаўся ў Мядзведзіцкую сярэднюю школу. Тут і цяпер жывуць мае самыя дарагія людзі — бацькі, а таксама сябры.
Мне давялося пабываць у многіх краінах свету і, акрамя стадыёнаў, лыжных трас убачыць нямала гістарычных мясцін і не зусім звыклых для беларуса пейзажаў. З упэўненасцю зазначу, што такую непаўторнасць, яскравасць фарбаў, як у краявідах роднай Беларусі, сустрэнеш мала дзе.
У лёсе кожнага чалавека бываюць белыя і чорныя палосы, узлёты і падзенні. А яшчэ, як гаворыцца, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло… Так здарылася і са мной. Гадоў 10 таму пра вялікі спорт, а тым больш перамогі на еўрапейскім і сусветным узроўні не тое што не марыў, нават і не думаў. Пасля вучобы працаваў будаўніком. У 22 гады жыццё крута змянілася: адпраўной кропкай стала тая жудасная трагедыя, якая адбылася са мной на чыгунцы. Успамінаць пра падзеі дзевяцігадовай даўнасці не хочацца. Адно скажу: было надзвычай цяжка, страшна, адчуваў абсалютную пустату ў душы. Аднак ведаў дакладна: ніколі не скаруся на літасць лёсу, буду змагацца з абставінамі, у якія трапіў.
Бяда адных ламае, другія ёй не скараюцца. Прыклад вядомага лыжніка-паралімпійца Дзмітрыя Лобана, упісаўшага нямала пераможных старонак у спартыўную гісторыю Ляхавіччыны, пацвярджае гэта. Юнак не зламаўся, а выстаяў, супрацьпаставіўшы выпрабаванням лёсу волю, імкненне знайсці сваё дастойнае месца ў жыцці, моцны характар і мэтанакіраванасць. Ён не хацеў і не мог проста існаваць у інвалідным крэсле — хацеў жыць паўнацэнным жыццём, быць карысным іншым. Даказаць сабе і ўсім, што ён на нешта здольны. (Г. К.).
Выбіраўся паступова, спрабаваў сябе ў многім. Спачатку захапіўся танцамі на калясках. Як ні парадаксальна, але гэты від для мяне быў больш цяжкім, чым потым лыжы. Па духу для мяне бліжэйшыя тыя віды спорту, дзе перамога залежыць у многім ад самога спартсмена, яго падрыхтаванасці, дзе ўсё вымяраецца дакладна ў метрах, секундах, выніку. А ў танцах да апошняга моманту невядома, каму журы аддасць першынство і, іншы раз, па якіх крытэрыях судзіць.
Прыстасаваўся уставаць, калі так можна сказаць, на лыжы. Спачатку трэніраваўся самастойна, для загартоўкі выконваў спецыяльныя практыкаванні. Як дзіця, радаваўся першым пройдзеным метрам і высокім секундам. Даведаўся пра трэнера Юрыя Буранава, патэлефанаваў яму ў Мінск, дамовіліся пра сустрэчу.
Дзмітрый прафесійна займаецца лыжнымі гонкамі для спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату з 2007 года, а з 2011 года — біятлонам. Вось ужо 7 гадоў вопытны трэнер і яго тытулаваны вучань разам. Дарэчы, як прызнаўся Юрый Буранаў, Дзмітрый спадабаўся яму адразу сваёй мэтанакіраванасцю, упартасцю, вялікім жаданнем дасягнуць выніку. (Г. К.).
Без сумненняў, любыя перамогі, а ў спорце тым больш, — гэта пастаянная, штодзённая цяжкая работа. Які б таленавіты ні быў чалавек, без пастаяннай работы над самім сабой, сваім целам і думкамі, высокіх вынікаў і перамог дасягнуць проста немагчыма. Так, адзін раз можа і пашанцаваць, другі — пашчасціць, а вось, каб атрымаўся яшчэ і трэці раз, таленту і шанцавання мала. Таму дакладна ведаў: каб дабіцца чагосьці вартага ў спорце, няхай і паралімпійскім, трэба трэніравацца і трэніравацца. Назаўсёды застануцца ў памяці першыя перамогі на лыжных трасах падчас Кубка і чэмпіяната свету ў Фінляндыі, Францыі, 2-е месца ў агульным заліку Кубка свету 2009 года, а пасля Ванкуверскай алімпіяды і прызавыя месцы на біятлонных трасах. Але асаблівая і ні з чым не параўнальная радасць і хваляванне ахапілі, калі даведаўся, што ў складзе зборнай каманды паралімпійцаў буду прадстаўляць Беларусь на Х Паралімпійскіх гульнях у канадскім горадзе Ванкуверы. Безумоўна, любая вікторыя — гэта ганарова, важна і прэстыжна. І ўсё ж Алімпіяда — асаблівая атмасфера, найвышэйшы ўздым, вяршыня спартыўных баталій. Для любога спартсмена нават удзел у алімпійскіх стартах дарагога варты, гонар і адказнасць адначасова. А трапіць у лік пераможцаў і ўвогуле мяжа мараў.
Незадоўга да перадалімпійскіх збораў Дзмітрый Лобан падзяліўся з «ЛВ» планамі: «Для мяне вялікая ўдача трапіць на Алімпіяду ў якасці ўдзельніка. Да галоўных стартаў разам з трэнерам ішоў 3 гады. Вялікім поспехам будзе 4-е ці 5-е месца ў лыжных гонках на любой дыстанцыі». Але, сапраўды, — прагноз —справа надзвычай прыблізная. (Г. К.).
За пачаткам ХХІ зімовых Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы сачыў дома, у Ганчарах. А ўжо на наступны дзень паехаў на перадалімпійскія зборы, адтуль у складзе паралімпійскай зборнай Беларусі ў Канаду, каб прыняць удзел у спаборніцтвах лыжнікаў. Як сустрэў Ванкувер? Цудоўна! Падчас адкрыцця Гульняў там ва ўсю цвілі вішні. На спаборніцтвах на сапраўдны снег у алімпійскай вёсцы пайшоў дождж, а на лыжную трасу сыпаў моцны снегапад.
Безумоўна, настройваўся на перамогу на кожнай дыстанцыі. Асабліва спадзяваўся на 15-кіламетровую, але, на жаль, не атрымалася на ёй перамагчы. Паспрабую ўзяць рэванш у Сочы.
Перад стартам на 10-кіламетровай дыстанцыі думаў: «Не магу, не маю права вярнуцца дамоў без медаля. Як пагляджу ў вочы бацькам, землякам?» Сэрцам адчуваў, як уся Беларусь, асабліва родная Ляхавіччына, перажывае і хварэе за мяне. Стараўся з усіх сіл, прычым змагаўся не толькі з сабой, сапернікамі, але і з умовамі надвор’я. Скорасць набіраў: спачатку быў сёмым, потым шостым, пятым. І вось фініш з вынікам 28.25.1 мінуты: 4 секунды не хапіла да другога месца. Фінішавалі даволі шчыльна, украінскі паралімпіец, які заняў 4-е месца, прайграў мне ўсяго паўсекунды. Я — уладальнік алімпійскай бронзы на 10-кіламетровай дыстанцыі па лыжных гонках!
У гэты ж час за сотні кіламетраў ад Ванкувера ў беларускай вёсцы Ганчары перад тэлевізарам (у прамой трансляцыі па спадарожнікавым тэлебачанні паказвалі гонкі) вельмі хваляваліся (і кулакі сціскалі, і падбадзёрвалі ўслых, і нават крычалі) за Дзмітрыя яго бацька Валянцін Васільевіч і маці Галіна Казіміраўна. Пасля пераможнага фінішу родныя адразу адправілі Дзіму эсэмэску. Бацькі ледзь не плакалі ад шчасця, калі ў тэлефоннай трубцы пачулі голас сына:» Тата! Мама! У мяне бронза!» (Г. К.).
Канешне, чаго хаваць, прыемна, хаця і няёмка было — столькі ўвагі пасля прыезду дамоў. Ушаноўвалі і на роднай Брэстчыне ў алімпійскім прэс-цэнтры прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці. Сярод падарункаў — лыжы і лыжаролеры, якія дазваляюць трэніравацца ўвесь год. Надзвычай хвалюючай была сустрэча ў родных Ляхавічах.
Дзень прыезду Дзмітрыя ў райцэнтр застанецца надоўга ў памяці не толькі прызёра Паралімпійскіх гульняў, але і яго землякоў. Апладысменты не сціхалі ў зале СШ №1, дзе ўшаноўвалі героя — сціплага юнака з адкрытай усмешкай. Падчас сустрэчы былі віншаванні і падарункі ад кіраўніцтва раё- на, раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», настаўнікаў Мядзведзіцкай школы. (Г. К.).
Зусім нечаканай, але надзвычай прыемнай стала перамога, якую прафесійнае журы прысудзіла ў намінацыі «За волю да перамогі» адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту». Цяпер бронзавая статуэтка — на пачэсным месцы ў калекцыі медалёў, кубкаў, узнагарод.
Напэўна, многія, хто сачыў за цырымоніяй па тэлебачанні, былі надзвычай узрушаны, калі вядомы беларускі хірург Аляксандр Астроўскі ўручаў Дзмітрыю Лобану ўзнагароду. Зала апладзіравала стоячы. (Г. К.).
Цяпер, як гаворыцца, усе дарогі і лыжныя трасы вядуць у Сочы. Амаль адразу пасля Ванкувера з трэнерам Юрыем Буранавым дзейнічаем па спецыяльна распрацаваным плане падрыхтоўкі і правядзення трэніровак. (Дарэчы, частка гэтай размовы адбылася з Дзмітрыем па дарозе на спартыўныя зборы ў Італію). (Г. К.).
Адкрыю тайну: у Сочы паспытаю сябе ў асноўным на біятлонных трасах, але не выключаю магчымасці пазмагацца за перамогу і ў лыжных гонках.
Часта даводзіцца чуць пытанне: «Вы патрыёт?». Як не любіць сваю Радзіму, тое месца, дзе ты нарадзіўся?! Калі стаіш на п’едэстале і гучыць гімн Беларусі, адчуваеш гонар і небывалы ўздым. Прапаноўвалі мне выступаць пад сцягам зборнай Расіі. Адмовіўся. Я беларус і буду выступаць за сваю краіну, у якой нарадзіўся, вырас, якую люблю і якой бязмежна ганаруся.
І землякі ганарацца Дзмітрыем Лобанам. І спадзяюцца, што на чарговых Паралімпійскіх гульнях у расійскім Сочы прагучыць імя таленавітага і апантанага чалавека — простага вясковага хлопца з Ганчароў. (Г. К.).
Запісала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
з архіва «ЛВ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *