Стабільнасць — прыкмета майстэрства

Адзін раз — выпадковасць, два — супадзенне, тры — прыкмета высокага майстэрства. Падобную характарыстыку звычайна заслугоўваюць людзі, чый высокі поспех паўтараўся яшчэ і яшчэ. Выказванне найбольш прыжылося ў асяродку спартсменаў, аднак, няма прычын, каб не перанесці яго з поля спартыўнага на палетак сельскагаспадарчы.
Першая — і якая! — прафесійная вяршыня скарылася Андрэю Юруцю ў дэбютным для яго сезоне 2009 года. Тады, нагадаем, камбайнавы дуэт, першым нумарам у якім выступаў Андрэй, стаў па выніках спаборніцтва лепшым маладзёжным экіпажам краіны. З усімі адпаведнымі статусу прыемнымі і карыснымі дапаўненнямі: ушанаваннямі на сцэне галоўнага сельскагаспадарчага фэсту краіны, прызавой «Волгай», іншым. Тры наступныя сезоны экіпаж пад кіраўніцтвам старшага камбайнера Андрэя Юруця таксама завяршаў нязменна ў ліку лепшых. Хоць і не ў рэспубліканскім, а абласным спаборніцтве, аднак, ужо не ў маладзёжнай а, калі так можна гаварыць, абсалютнай намінацыі.
Пяты ў хлебаробскай біяграфіі Андрэя, сезон сёлетні яшчэ працягваецца. Але на прамежкавым этапе ўборачнай кампаніі Андрэй са сваім памочнікам — камбайнерам Дзмітрыем Равякам таксама маюць чым пахваліцца: праз бункер іх пяцігадовага КЗС-12 прайшло каля 1300 тон зерня. Пачыналі з рапсавых палеткаў, убіралі пшаніцу, авёс.
— Нямала палёгліцы. Летась, узгадваецца, ляжала пшаніца, у гэтым годзе іменна авёс найбольш у гэтым сэнсе пацярпеў, — не без шкадавання заўважыў Андрэй.
Для Дзімы Равякі ўборка хлеба — справа новая. Нядаўні выпускнік прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўпершыню глядзіць на яе з вышыні камбайна і ў статусе камбайнера. Нешматслоўны. На пытанне, як працуецца, — кароткае «нармальна». Дадам, што ад «нармальнасці» работы другога нумара ў значнай ступені залежыць агульны поспех экіпажа. Работа камбайнера пачынаецца з самага ранку. Перад выхадам у поле машына павінна быць адпаведным і належным чынам «абслужана». Агляд, пачыстка, змазка, запраўка палівам… Ды і ў полі без вачэй, рук, руплівасці і стараннасці другога нумара — няма экіпажа. Уборка хлеба — справа асоб, аднак, не асабістая справа.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *