Ляхавічы: прыгажосць — справа агульная

Дажынкі-2013″ — яркая старонка ў гісторыі раёна. На абласны фестываль-кірмаш у Ляхавічы збяруцца лепшыя з лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Брэстчыны.
Зразумела, да такой падзеі рыхтуюцца загадзя і грунтоўна. Літаральна за некалькі месяцаў наш райцэнтр змяніўся непазнавальна: фасады і двары шматкватэрнікаў, вуліцы і плошчы, адміністрацыйныя будынкі і аб’екты сацкультбыту, асабліва прыгожым і сучасным стаў цэнтр горада.
Аб’ём работ запланаваны вялікі: хочацца, каб наш гарадок не толькі прыемна ўразіў гасцей, але і стаў зручным і ўтульным для ўсіх яго жыхароў — маленькіх і дарослых. Шчыруюць будаўнікі, дарожнікі, камунальнікі, азеляніцелі, прадстаўнікі іншых спецыялізаваных службаў.
На абнаўленне горада выдаткаваны вельмі значныя бюджэтныя сродкі. Свой уклад уносяць і прадпрыемствы, арганізацыі, прадпрымальнікі. Безумоўна, навесці парадак, зрабіць горад чыстым і прыгожым можна толькі агульнымі намаганнямі, калі кожны гараджанін унясе ў агульную справу сваю лепту. Прыбраць і добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол індывідуальных жылых дамоў, жыллёва-будаўнічых кааператываў і таварыстваў уласнікаў, навесці парадак у гаражных і садаводчых кааператывах, дварах шматкватэрнікаў, на падведамасных і замацаваных тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый, аўтамабільных стаянках і г.д., падтрымліваць чысціню там, дзе мы жывём, працуем, чым карыстаемся, — справа гонару ляхавічан.
Спадзяёмся, што нашы землякі з разуменнем і адказнасцю паставяцца да такой важнай справы і прымуць у ёй самы актыўны ўдзел. І тады Ляхавічы стануць самай прыгожай сталіцай абласных «Дажынак». Ляхавічане дастойны жыць у такім горадзе!

Раённы выканаўчы камітэт.                                             Раённы Савет дэпутатаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *