Прафесію выбіраем у школе. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна пачаўся месячнік профарыентацыі

Ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна пачаўся месячнік профарыентацыі. Гэта яшчэ адна выдатная магчымасць для школьнікаў пазнаёміцца з рознымі прафесіямі, вызначыцца з выбарам, упэўніцца, які занятак больш падыходзіць па запытах і схільнасцях.

У кожнай школе распрацаваны ўласны план месячніка. Уключае ён сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, прагляд відэафільмаў, разнастайныя пазнавальныя мерапрыемствы, дыскусійныя пляцоўкі, анлайн-сустрэчы, экскурсіі.
Цікавая праграма чакала старшакласнікаў гарадскіх і сельскіх школ у мінулую сераду ў ГДК. На сустрэчу з рабятамі завіталі прадстаўнікі Пінскага пагранічнага атрада. Маёр Валерый Шкабара расказаў не толькі пра армейскія будні пагранатрада, але і ўвогуле пра прафесію Радзіму абараняць, пра будні і святы тых, хто стаіць на варце міру і спакою ў Беларусі. З інтарэсам удзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэафільм, у якім у тым ліку ішла размова і пра Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Потым кожны жадаючы мог задаць свае пытанні. Напрыклад, школьніцы цікавіліся, ці могуць набываць такую прафесію дзяўчаты, як адпрацоўваюцца навыкі адзінаборстваў, асаблівасці службы на граніцы і іншыя моманты.
Асаблівы інтарэс выклікала класная магчымасць не толькі сабраць-
разабраць аўтаматы, але і паўдзельнічаць у стральбе з прымяненнем оптыка-электронных тэхналогій. А цудоўным музычным акордам стаў канцэрт ваеннага аркестра Пінскага пагранічнага атрада.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік расказала, што падчас месячніка ў кожнай навучальнай установе навучэнцаў чакае шэраг разнапланавых прафарыентацыйных акцый, у тым ліку і агульнараённага маштабу. Так, плануюцца сустрэча з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў аграрнай накіраванасці, а таксама майстар-класы ад выкладчыкаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.