Сіла эмоцый. Юныя ляхавічане са школы танца для дзяцей і дарослых ANANKO DANCE SCHOOL сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу

Emoji Projekt – новы рэспубліканскі танцавальны конкурс сучаснай харэаграфіі, які ўпершыню прайшоў на сцэне Дома культуры «МАЗ» у сталіцы. Асаблівасць яго ў тым, што майстэрства ўдзельнікаў – дарослых і дзяцей – суддзі з Беларусі і Расіі ацэньвалі дыстанцыйна пры дапамозе інтэрактыўнай сістэмы ацэнкі вынікаў – значкоў эмадзі – эмоцыі і сілы эмоцыі.

Удзельнікі спаборнічалі ў самых яркіх танцавальных накірунках –
pop dance, street dance, show і production dance. Конкурс хутчэй нагадваў яркае і дынамічнае святочнае шоу. Сярод 1500 танцораў з розных рэгіёнаў краіны выступалі і нашы юныя землякі са школы танца для дзяцей і дарослых ANANKO DANCE SCHOOL.
Атрымалася феерычна і вельмі захапляльна: рабяты прадэманстравалі харэаграфічныя здольнасці і паказалі сябе таленавітымі танцорамі. Акрамя высокіх балаў па сістэме 4D, зарабілі і самыя моцныя эмадзі. Суддзі – прафесіяналы ў галіне харэаграфіі – ацэньвалі арыгінальнасць і адметнасць кампазіцый, адточанасць тэхнікі, відовішчнасць нумароў і імідж удзельнікаў.
Вынікі конкурсу выклікалі ў юных ляхавічан выбух станоўчых эмоцый: у намінацыі start dance нумар ювеналаў (рабяты ўзростам 9–11 гадоў) заваяваў першае месца сярод дзевяці каманд.
Перамога і ў нашых юніёраў (рабят ва ўзросце 12 і больш гадоў) таксама ў намінацыі start dance. Іх кампазіцыя прызнана лепшай сярод дзевяці каманд.
Педагог Дар’я Ананька вельмі задаволена поспехамі сваіх танцавальных зорачак, якія зараз рыхтуюцца да новага чэмпіянату, што пройдзе 19 сакавіка ў сталіцы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.