Пра працоўныя дасягненні мовай лічбаў. У СВК «Ляхавіцкі» прайшоў справаздачны сход: падведзены вынікі, акрэслены задачы

Тут умеюць і любяць працаваць, нездарма мясцовыя жывёлаводы  і раслінаводы, механізатары  і спецыялісты з году  ў год паказваюць майстар-клас на сваіх вытворчых участках, становяцца пераможцамі  і прызёрамі разнастайных конкурсаў прафесійнага майстэрства на раённым і абласным узроўнях. Так, па выніках мінулага года на раённую Галерэю славы занесены партрэт вадзіцеля Аляксандра Сельмановіча.
Але добрых працаўнікоў тут, безумоўна,  куды больш.

Усё да вінціка ведаюць пра тэхніку трактарысты-машыністы Віктар Касмовіч і Міхаіл Хлапянік, вадзіцель Леанід Юнік. Як пра малых дзетак, клапоціцца пра рагуль аператар машыннага даення Людміла Грыкель. Каб статак быў дагледжаны, чысты, накормлены, стараецца жывёлавод Сяргей Ходар. Своечасовая сяўба, падкормка, праполка, вырашчаны ўраджай – усё ў полі зроку брыгадзіра вытворчай брыгады Святланы Радомскай і палявода Галіны Баўтрукевіч. Ні адна новабудоўля ці рамонтныя работы не абыходзяцца без рабочага будаўнічай брыгады Міхаіла Грыкеля. І наўрад ці хто лепш разбярэцца ў тонкасцях нават самага складанага механізма, чым слесар па рамонце электраабсталявання Валерый Пішч. Гэта далёка не поўны пералік тых, хто працай славіцца. Сярод  244 чалавек, якія зараз працуюць у СВК «Ляхавіцкі», такіх шмат. Уклад кожнага ў агульнагаспадарчую скарбонку высокіх надояў, прываг, ураджайнасці і належнай прадукцыйнасці працы сталі вынікам таго, што «Ляхавіцкі», як адна з лепшых гаспадарак раёна, атрымаў за мінулагоднія паказчыкі Пераходныя чырвоныя сцягі па вытворчасці рапсу,  бульбы, рэалізацыі мяса.
Пра тое, што зроблена летась, пра сёлетнія планы гаварылася на справаздачным сходзе «Ляхавіцкага», які адбыўся напрыканцы лютага ў Русінавіцкім СДК. Старшыня гаспадаркі Іван Вітко адзначыў, што ў мінулым годзе сельгаспрадпрыемства спрацавала нядрэнна. Калі гаварыць мовай лічбаў, атрымліваецца наступная карціна. У 2021 годзе нарыхтавана 48,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 7,2 цэнтнера больш, чым у 2020 годзе. На  3892 тоны павялічыўся валавы збор кукурузы на зялёную масу, са знакам плюс і ўраджайнасць кукурузы на зялёны
корм – 471 цэнтнер з гектара (на 75,4 цэнтера больш, чым пазалетась). Каралевы палёў на зерне таксама намалочана больш на 929 тон і атрымана 1519 тон. Бульба дала ўраджай 1622 тоны (на 20 тон больш), а вось рапсу сабралі менш – 1351 тону пры ўраджайнасці 27 цэнтнераў з гектара (мінус склаў 411 тон). Такі ж адмоўны знак і ў валавым зборы зерня без уліку кукурузы, змен-
шылася і ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых: атрымана 36,6 цэнтнера на круг (у 2020 годзе – 48,3).
Зразумела, ад паказчыкаў у раслінаводстве напрамую залежыць і стан спраў у жывёлагадоўлі. Як гаворыцца, што на полі па-
сееш, тое і ад каровы атрымаеш.
Старшыня «Ляхавіцкага» паведаміў, што на перапрацоўку малако прадаецца гатункам экстра – 92,2 працэнта, таварнасць малака складае 92,5 працэнта (усяго на 0,1 працэнта менш да ўзроўню 2020 года), а вось тлустасць рэалізаванага малака, хоць і не на многа, але павялічылася і склала 3,79 працэнта. Надой на карову ў сярэднім па гаспадарцы зменшыўся на 135 кілаграмаў і адзначыўся на лічбе 8664 кілаграмы. Але, калі параўноўваць з сярэднераённым паказчыкам – 5455 кілаграмаў, то «Ляхавіцкі» адназначны лідар, нават нягледзячы на дапушчаны мінус. У бліжэйшага канкурэн-
та – ААТ «Жарабковічы» – у сярэднім на карову надоена 6040 кіла-
грамаў. У бягучым годзе ў СВК плануюць надаіць у цэлым 9450 тон малака пры надоі 9000 кілаграмаў ад кожнай каровы.
Калі браць непасрэдна па падраздзяленнях, то відавочна
лепшая МТФ «Комплекс», дзе за 2021 год надоена 3971 тона малака (плюс 67 тон да 2020 года), тут і надой на карову на 142 кілаграмы перавышае пазалеташнія лічбы і складае 9504 кілаграмы. На МТФ «Рачканы» – 8436 кілаграмаў, «Русінавічы» – 7858 кілаграмаў. Гатункам экстра прадаецца 99,7 працэнта малака з «Комплексу», 93,7 працэнта з «Рачканаў», 80,6 працэнта з «Русінавічаў».
Па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы «Ляхавіцкі» таксама флагман сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна: мае 738 грамаў пры раённым паказчыку 582 грамы. Задача на 2022 год – дасягнуць 767 грамаў прываг БРЖ. Летась атрымана на 16 цялят больш, чым пазалетась.
Разам з тым, па словах Івана Вітко, у гаспадаркі ёсць нямала складнікаў, паляпшэнне якіх дазволіць істотна паўплываць на павелічэнне надояў і прываг. Сваё важкае слова скажа ўвядзенне ў эксплуатацыю МТФ у Русінавічах на 720 галоў. Пра тое, што гэта дасць магчымасць істотна палепшыць справы ў жывёлагадоўлі, і, адпаведна, павысіць фінансавыя паказчыкі і дабрабыт тутэйшых працаўнікоў, павялічыць колькасць працоўных месцаў, у тым ліку для маладых кадраў, і паспрыяе іх замацаванню, гаварыў старшыня
райвыканкама Мікалай Мароз, які прымаў удзел у справаздачным сходзе.
Сярод іншых будаўнічых работ на 2022 год Іван Вітко адзначыў рамонты ў будынках свінарнікаў, складоў жывёлагадоўчых памяшканняў, арачніка для рамонту сельгастэхнікі і іншыя. А сярод леташніх адрамантаваных аб’ектаў – рэканструкцыя свінарніка ў Русінавічах пад склад, рэканструкцыя бычніка на МТФ «Рачканы», навеса для захоўвання грубых кармоў на МТФ «Русінавічы».
Падводзячы фінансавыя вынікі мінулага года, старшыня «Ляхавіцкага» адзначыў, што выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі складае 77 працэнтаў ад агульнага аб’ёму, 22 працэн-
ты – доля прадукцыі раслінаводства.
Машынна-трактарны парк гаспадаркі хоць і высокатэхнічны і разнапланавы, але перыядычна папаўняецца новымі адзінкамі. Вось і летась набыта некалькі грузавых аўтамабіляў, культыватар шматфункцыянальны, прэс-падборшчык рулонны, загрузчык сеялак, сеялка, трактар, апырсквальнік і іншае.
Важны паказчык і для ўсяго сельгаспрадпрыемства, і для кожнага працаўніка – заработная плата. Яна ў «Ляхавіцкім» расце: у мінулым годзе сярэдняя склала 1258 рублёў на 167 рублёў больш, чым у 2020 годзе.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.