Дабравольскія з Ляхавіцкага раёна вітаюць па-беларуску

Напрыканцы мінулага тыдня аграгарадок Жамчужны Баранавіцкага раёна ператварыўся ў вялікую сцэнічную пляцоўку. Менавіта тут праходзіў абласны этап (пяты па ліку) рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», ініцыяванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

У сёлетнім конкурсе, арганізатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абкам ГА БРСМ, абласное аб’яднанне прафсаюзаў, абласное ўпраўленне ААТ «Белаграпрамбанк» і Баранавіцкі райвыканкам, прынялі ўдзел 8 маладых вясковых сем’яў з Баранавіцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага, Іванаўскага, Лунінецкага, Ляхавіцкага, Пружанскага і Столінскага раёнаў. Сем’і прыехалі за перамогай не з пустымі рукамі, а з гасцінцамі, песнямі, танцамі і добрым настроем.
Гонар прадстаўляць маладыя сем’і Ляхавіччыны выпаў Юліі і Віктару Дабравольскім з аграгарадка Нача. 25-гадовы Віктар працуе вадзіцелем групы затрымання раённага аддзялення дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Юлія — спецыяліст па кадрах ДП «Нача». Галоўны член сям’і — 4-гадовая дачушка Яна.
Старэйшыя Дабравольскія — бээрэсэмаўцы (Юля нават узначальвае маладзёжную пярвічку «Начы»), з задавальненнем прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах, якія ладзяцца на тэрыторыі Начаўскага сельсавета, вядуць здаровы лад жыцця і займаюцца спортам. Нядаўна сям’я атрымала дом ад гаспадаркі. Юлія і Віктар самі яго добраўпарадкуюць, наводзяць прыгажосць на прысядзібным участку.
Удзел у такога кшталту спаборніцтвах для сям’і — першая спроба, пачэсная і адказная аднача-сова, і сябе паказаць, свае ўменні і здольнасці, і адстойваць гонар усяго раёна.
Але пра ўсё па парадку. Шлях да пераможнага фіналу ўключаў 7 асноўных іспытаў: візітоўка «Вітаем па-беларуску», » Па дровы», «Святочны воз», «Прыродная аптэка», «Папялушка», «Сялянскія прысмакі», «Выстава дасягненняў сямейнай гаспадаркі». Да старту іспытаў журы аб’ектыўна ацэньвала дасягненні сумеснай сямейнай гаспадаркі — яны былі аформлены ў кампазіцыі з кулінарных страў.
Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Ларыса Юшкевіч, ва ўсіх конкурсах нашы Дабравольскія выглядалі дастойна. А ў іспыце «Па дровы» і ўвогуле перамаглі, хаця конкурс быў надзвычай складаны (неабходна было рассячы драўляную калоду так, каб з атрыманых цурак скласці слова «лён»). З заданнем Віктар справіўся выдатна. Юля падтрымала мужа і дакладна, а яшчэ і прыгожа склала слова.
Запомнілася кампазіцыя Дабравольскіх «Каханне і галубы», якую яны зрабілі з цеста і круп, а таксама іншых спадручных матэрыялаў. Пакарылі журы, гледачоў і іншых удзельнікаў вышыванкі Юліі (дарэчы, майстэрства вышыўкі ў яе сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне). Уразіла і візітоўка маладой сям’і. Падчас конкурсу Дабравольскія прывезлі ў Жамчужны куфэрак са скарбамі сямейнага шчасця. Цікава праходзіў конкурс «Прыродная аптэка»: муж і жонка павінны былі з завязанымі вачыма вызначыць па водары лекавыя расліны, а потым скласці пра іх вершаваны слупок. Па словах Ларысы Юшкевіч, кожны з конкурсаў праходзіў цікава і захапляльна, а гледачы шчыра падтрымлівалі ўсіх удзельнікаў.
Па выніках іспытаў права прадстаўляць Брэстчыну ў рэспубліканскім фінале конкурсу «Уладар сяла» (ён пройдзе падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013») ва ўпартай барацьбе заваявала сям’я Абрамовічаў з Баранавіцкага раёна (муж і жонка працуюць на птушкафабрыцы «Дружба»). Усе ўдзельнікі конкурснай праграмы атрымалі падарункі і апетытныя караваі.
Акрамя спаборніцтва маладых пар, былі таксама выстава-кірмаш народных рамёстваў, дзіцячы гарадок, працавала літаратурная гасцёўня. Майстэрства дэманстравалі ўдзельнікі рыцарскіх клубаў. Народ весялілі і радавалі сваёй творчасцю самадзейныя артысты і калектывы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *