Кожны раз 1 верасня ўстановы адукацыі Ляхавіцкага раёна сустракаюць абноўленымі і аснашчанымі ўсім неабходным як для вучобы, так і для адпачынку дзяцей, заняткаў спортам

Лінгафонны кабінет у гімназіі.

І сёлета дзеля гэтага давялося папрацаваць будаўнікам, педагогам і тэхнічнаму персаналу.

Значныя сумы на рамонт пайшлі з раённага і абласнога бюджэтаў. Так, на падрыхтоўку гарадскіх устаноў адукацыі сёлета выдаткавана больш за 9 мільярдаў рублёў у праграме падрыхтоўкі горада да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». Яшчэ 134 мільёны пайшлі на абсталяванне і інвентар для сталовых, 546 мільёнаў — на закупку фарбы і іншага неабходнага для бягучага рамонту, 500 мільёнаў выдзелены на замену вокнаў у Дараўскім, Свяціцкім, Малагарадзішчанскім ДС-СШ, Жарабковіцкім ДС. Усяго на рамонт устаноў адукацыі ў бюджэце прадугледжана на гэты год больш за 13 мільярдаў рублёў, на 1 жніўня было асвоена каля 7,5 мільярда. На аснашчэнне дзіцячых садоў сродкамі навучання, гульнёвым і вучэбным абсталяваннем выдаткавана 148 мільёнаў рублёў. За кошт сродкаў з раённага бюджэту набыты 24 электрычныя швейныя машыны, у жніўні-верасні будуць закуплены 2 комплексы для мадэрнізацыі бібліятэк Начаўскай і Навасёлкаўскай СШ, сродкі навучання для кабінетаў хіміі, біялогіі, геаграфіі, матэматыкі і шмат чаго іншага для вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Як адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Калбаса, праведзена значная работа для стварэння бяспечных умоў для школьнікаў і выхаванцаў дашкольных устаноў. Выкананы ўсе неабходныя мерапрыемствы па павышэнні дарожнай бяспекі каля ўстаноў адукацыі: устаноўлены адпаведныя знакі і турнікеты, добраўпарадкаваны дарогі.
Пытанне падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года разглядалася на пасяджэнні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ў мінулы панядзелак. У рашэнні адзначаны высокі ўзровень гатоўнасці школ, які забяспечаны ў 6 раёнах і гарадах Брэстчыны, у тым ліку і ў Ляхавіцкім.
Падрыхтаваліся, спланавалі, увасобілі задумкі ў рэальнасць і ўпершыню за многія гады ўсе ўстановы адукацыі раёна (41 аб’ект) адразу атрымалі пашпарты гатоўнасці. Без гэтага заверанага адказнымі службамі дакумента школы, дзіцячыя сады, пазашкольныя ўстановы не маюць права прымаць дзяцей і пачынаць новы навучальны год.
Леанід Калбаса перакананы, што гэта прыемная акалічнасць яшчэ больш абавязвае і далей трымаць марку. Галоўнае, што рабяты будуць вучыцца ў зручных і камфортных умовах, класы, лабаранцкія, вучэбныя пакоі абсталяваны ўсім неабходным. Належныя ўмовы створаны і для работы педагогаў, кухоннага і тэхнічнага персаналу.
— Пашпарты гатоўнасці гімназіі, Свяціцкай і Крывошынскай сярэдніх школ, дзіцячага сада № 4 падпісаны з умовай завяршэння работ да 1 верасня. Увогуле, калектывы ўсіх устаноў адукацыі праявілі зацікаўленасць у якаснай падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Найбольш поўна і дакладна выканалі патрабаванні санітарных нормаў і правілаў у СШ № 2, Дараўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Русінавіцкай пачатковай школе, Жарабковіцкім дзіцячым садзе, — адзначыў урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына.
Санітарна-гігіенічная служба назвала і недахопы, якія неабходна выпраўляць. Наспела неабходнасць правядзення капітальных рамонтаў сталовых СШ № 1 і гімназіі, харчаблокаў дзіцячых садоў у Зубелевічах, Навасёлках, мадэрнізацыі харчаблокаў д/с № 4, Крывошынскай, Навасёлкаўскай СШ, Конькаўскага ДС-СШ. У раёне ў наяўнасці 20 спартыўных залаў, але ў раздзявалках толькі некаторых з іх працуюць душавыя з гарачай вадой. На працягу некалькіх гадоў не праводзіцца рамонт раздзявалак Начаўскай, Мядзведзіцкай і Свяціцкай СШ, рамонту патрабуюць спартыўныя залы гімназіі і гарадскіх школ, Тухавіцкай, Свяціцкай, Падлескай СШ. Як адзначыў Валянцін Скарына, пэўныя недапрацоўкі ёсць, але ў цэлым праведзена значная работа па забеспячэнні санітарна-эпідэмічных нормаў ва ўстановах адукацыі раёна.
Рамонтны экзамен школамі здадзены.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *