У Беларусі свой, прагрэсіўны шлях

З гонарам магу адзначыць: я мела дачыненне да гэтай па-сапраўднаму вызначальнай падзеі ў жыцці нашай роднай Беларусі. На маіх вачах, як і тых, хто 4 сакавіка прысутнічаў у Палацы Незалежнасці, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму. Наш народ зрабіў асэнсаваны выбар: прыняты змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Пачынаецца новы этап заканатворчай дзейнасці.
А абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Беларусі.
Рэспубліканскі рэферэндум паказаў, што беларусам неабыякава, як наша дзяржава будзе развівацца далей. Рэферэндум – не проста чарговая электаральная кампанія, гэта сапраўдны прыклад нацыянальнага адзінства, доказ таго, што беларусы самі вырашаюць, якім шляхам рухацца далей. А высокая яўка грамадзян на выбарчыя ўчасткі – сведчанне даверу дзяржаве. Вельмі важна, што непасрэдна рэферэндуму папярэднічала ўсенароднае абмеркаванне, а, значыць, галасаванне было асэнсаваным, узважаным, з разуменнем таго, што адбываецца ў краіне. І ў Ляхавіцкім раёне надзвычай актыўна ішло абмеркаванне, якім будзе Асноўны Закон: бадай, у кожным калектыве праходзілі сустрэчы, дыспуты, працавала грамадская прыёмная «Белай Русі», землякі дзяліліся сваімі меркаваннямі, у тым ліку і на старонках «ЛВ».
Цырымонія падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму – падзея адметнай важнасці і значнасці. Вельмі прыемна адчуваць свой саўдзел у такім урачыстым мерапрыемстве. З натхненнем слухала выступленне нашага Прэзідэнта і разумела, што няма ў свеце такой сілы, якая змагла б перашкодзіць Беларусі і далей крочыць па шляху стваральнасці і прагрэсу, заставацца міралюбівай краінай. Сваімі ўражаннямі, перажытымі эмоцыямі дзялюся з землякамі. Упэўнена, у нашых дзяцей і ўнукаў – добрае і шчаслівае заўтра, і прынятая Канстытуцыя дае магчымасць для развіцця ў мірнай, свабоднай і незалежнай Беларусі. Канстытуцыю нездарма называюць Асноўным Законам краіны, які вызначае, як будзе жыць наша дзяржава, наш народ. Трэба кожнаму быць патрыётам, цаніць тое, што мы маем сёння, і працаваць так, каб заўтра было яшчэ лепшым.

Наталля МАЦКЕВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.