З клопатам пра суседзяў з Украіны

Фото https://pixabay.com/ru

Нераўнадушнасць і неабыякавасць, жаданне дапамагчы тым, хто з-за розных жыццёвых абставін трапіў у бяду, матэрыяльная і маральная падтрымка – вызначальныя падыходы ў дзейнасці Таварыства Чырвонага Крыжа. І ляхавіцкае падраздзяленне не застаецца ўбаку ад добрых спраў. Сёння бадай кожны неабыякавы чалавек уважліва сочыць за штодзённымі падзеямі, якія адбываюцца ў суседняй Украіне. З гэтай краінай Беларусь звязваюць не толькі агульная мяжа, але і моцныя брацкія сувязі, у нас адзіныя славянскія вытокі. У мяне, як у жанчыны, маці, вельмі баліць сэрца, гледзячы на тое, што адбываецца ва Украіне, таму мне не ўсё роўна. Ніякія самыя вялікія грошы не вартыя жыцця чалавека. Мы, беларусы – мірныя людзі, ведаем і памятаем, якой цаной дасталася свабода і незалежнасць усяму шматнацыянальнаму народу СССР, які выстаяў і перамог у самай жудаснай вайне ХХ стагоддзя – Другой сусветнай. І для нас, нашчадкаў пераможцаў, незалежна ад узросту, нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці, важная і першачарговая задача –захаваць мір у нашай краіне. А для гэтага трэба быць адзінымі і стойкімі, дружалюбнымі, не паддавацца розным правакацыям.
Зараз актыўна ідзе збор сродкаў, рэчаў ад жыхароў нашага раёна для дапамогі бежанцам, якія прыбываюць у Беларусь з-за падзей, што адбываюцца на іх радзіме. Землякі з гатоўнасцю перадаюць у агульную скарбонку адзенне, абутак, прадметы хатняга ўжытку – усё, што неабходна ў першую чаргу, каб уладкавацца на новым месцы. Сабраныя ахвяраванні перадаём у абласную арганізацыю Чырвонага Крыжа, дзе рэчы размяркоўваюцца па меры неабходнасці. Трэба ўлічваць вось яшчэ які момант: людзі, якія перасяклі мяжу, знаходзяцца ў стрэсавым стане, таму, акрамя неабходных рэчаў, ім патрэбны і душэўная падтрымка, словы спагады.
Як толькі нехта з бежанцаў прыбудзе ў Ляхавіцкі раён, адразу акажам па магчымасці дапамогу – як грашовую, так і прадуктамі харчавання, адзеннем, абуткам, прадметамі асабістай гігіены. Таму знаходзімся на пастаяннай сувязі з аддзяленнем па грамадзянстве і міграцыі РАУС, якое трымае на кантролі пытанні, звязаныя з бежанцамі з Украіны. Таксама, калі ўзнікне неабходнасць, будзем дапамагаць бежанцам і ў вырашэнні праблем медыцынскага характару, іншых надзённых пытанняў.

Жанна ЛЕШЫК,
старшыня раённай арганізацыі
Таварыства Чырвонага Крыжа.