Узнагароды – аграрыям. Рупліўцам аграрнай галіны Ляхавіччыны ўручаны прафсаюзныя ўзнагароды

Працавітыя і надзвычай адказныя, адданыя сваёй малой радзіме і шчыра ўлюбёныя ў зямлю-карміцельку, добразычлівыя і міралюбівыя – такія яны, рупліўцы аграрнай галіны Ляхавіччыны.

У сельскай гаспадарцы без цяжкасцей не бывае. Адно толькі надвор’е кожны год колькі сюрпрызаў рыхтуе, толькі паспявай з усімі спраўляцца. Але, нягледзячы на розныя непрадказальныя нюансы, аграрыі па-ранейшаму сваю паўсядзённую працу за подзвіг не лічаць. За высокімі лічбамі і паказчыкамі – людзі і іх нястомная праца, намаганні і клопаты. Нездарма справа гонару – ушанаванне самых дастойных. Каторы год запар па краіне крочыць прафсаюзная акцыя «Наш жывёлавод», падчас якой словы віншаванняў, узнагароды і падарункі атрымліваюць сельгасвытворцы. Прадстаўнікі праф-
саюзаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання наведваюць жывёлагадоўчыя комплексы, фермы, вытворчыя майстэрні і мехдвары, каб у чарговы раз падзякаваць і ўзнагародзіць.
А днямі прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілія Хваціка, першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Васілія Пыжыка, старшынь раённага аб’яднання прафсаюзаў і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамары Пракап’юк і Ірыны Чура з прыемнай місіяй завіталі ў перадавыя гаспадаркі раёна.
Заслужана заслужаны – гэта пра аксакала сельгасвытворчасці, суперпрафесійнага вопытнага кіраўніка Аляксандра Вітко. Нагрудным знакам Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу «За заслугі» ўзнагароджаны намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі», колішні, нязменны на працягу больш за чатыры дзесяцігоддзі кіраўнік аднаго з лепшых аграпрадпрыемстваў Ляхавіччыны, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Аляксандр Вітко.
Гэта не адзіная ўзнагарода, якая на мінулым тыдні знайшла свайго адрасата ў «Ляхавіцкім». Грамата Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, уклад у развіццё сельскагаспадарчага комплексу ўручана аператару па штучным асемяненні БРЖ Івану Патаповічу. На рахунку вопытнага спецыяліста – шэраг узнагарод, у тым ліку, і раённае званне «Лепшы па прафесіі», перамога на традыцыйных раённым і абласным конкурсах прафесійнага майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы, аднаўленні статка і племянной рабоце.


У ААТ «Нача» жывёлагадоўчая галіна таксама на ўздыме. Васілій Хвацік з пажаданнямі далейшых поспехаў у працы, новых вытворчых дасягненняў уручыў Грамату Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аператару па штучным асемяненні БРЖ Генадзію Манько. Дзякуючы ў тым ліку і селекцыйнай рабоце, у «Начы» павялічваюцца жывёлагадоўчыя паказчыкі. А Генадзій Манько нездарма лічыцца адным з лепшых сярод калег з Брэстчыны.


Малочнатаварны комплекс «Зубелевічы» сёння, бадай, самае маладое падраздзяленне ў ААТ «Нача» – прайшло крыху больш за два гады пасля ўвядзення ў эксплуатацыю, але поспехі ўжо адчувальныя.
Ірына Чура адрасавала Падзяку Ляхавіцкай раённай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу за добрасумленную працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі, выкананне патрабаванняў тэхналагічных працэсаў, працоўнай дысцыпліны і аховы працы калектыву МТК «Зубелевічы» ААТ «Нача». Такой жа Падзякі ўдастоены аператар па штучным асемяненні БРЖ гэтага МТК Аляксей Зуйкевіч.
Наступны адрас на віншавальным маршруце – яшчэ адзін флагман жывёлагадоўчай галіны Ляхавіччыны – ААТ «Жарабковічы». Падчас размовы з кіраўніком гаспадаркі Антонам Булатым Васілій Хвацік пацікавіўся, як сельгаспрадпрыемства падрыхтавалася да веснавой пасяўной кампаніі, як ідуць справы ў жывёлагадоўлі, якія вытворчыя паказчыкі – прывагі і надоі, куды здаецца малако. У цэнтры ўвагі, у тым ліку і прафсаюзнай, – пытанні аховы працы, вытворчай дысцыпліны, заработнай платы аграрыяў.
І, канешне ж, узнагароджанне. Словы падзякі і пашаны, а таксама Грамата Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза
работнікаў АПК знайшлі свайго ўладальніка ў асобе ветурача «Жарабковічаў» Адама Гарыбяна. А Падзяка Ляхавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу цяпер будзе ўпрыгожваць чырвоны куток МТФ «Улазавічы». Ды і прафсаюзны падарунак – мікрахвалёўка – таксама будзе дарэчы.
Узнагароджанне ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК лепшых сельгасвытворцаў праходзіць і падчас справаздачных сходаў у гаспадарках раёна.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.