Каб парк квітнеў! Рабяты са Сваятычаў правялі генеральную ўборку ў мясцовым палацава-паркавым ансамблі

Вясна яшчэ нясмела заяўляе свае правы, але арганізацыі і гаспадары домаўладанняў пачынаюць наводзіць марафет на сваіх тэрыторыях. А рабяты са Сваятычаў вырашылі правесці генеральную ўборку ў мясцовым палацава-паркавым ансамблі.
– Наш парк – вельмі прыгожы і адметны ў любую пару года. Нам з сябрамі падабаецца там праводзіць вольны час. Пасля зімы гэта турыстычная жамчужына патрабуе аднаўлення. Таму ў пятніцу пасля школы я, Віка, Паліна, Маргарыта, Саша і Кірыл ўзялі дома інструменты і адправіліся ў парк наводзіць парадак, – дзеліцца Ніка Несцяровіч.
Рабяты працавалі і ў выхадныя: зграбалі мінулагодняе лісце, убіралі галлё і смецце. У планах сяброў – пафарбаваць у парку лавачку і столік, пасадзіць кветкі і г. д. Пра свае ідэі па добраўпарадкаванні палацава-паркавага ансамбля хлопчыкі і дзяўчынкі расказваюць з захапленнем. Галоўнае, рабяты самастойна, без кіраўніцтва дарослых вырашылі заняцца карыснай справай. Гэта выдатна!
Нераўнадушная каманда вельмі любіць свой родны край, а вучыцца ў дзявятым і дзясятым класах Навасёлкаўскай школы. Сапраўдныя патрыёты і гаспадары сваёй зямлі!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.