Важныя сельскагаспадарчыя. Падведзены вынікі работы аграрнай галіны Ляхавіччыны за мінулы год, акрэслены задачы на сёлета

Ляхавіцкі раён – у асноўным сельскагаспадарчы, таму развіццё менавіта гэтай галіны – адна з першачарговых задач. З якімі паказчыкамі нашы сельгаспрадпрыемствы завяршылі год мінулы, якую адзнаку атрымала кожная гаспадарка, у чым прычыны недапрацовак, і як правільна зрабіць работу над памылкамі.
Пра гэта і іншае актуальнае – у размове з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіліем Пыжыкам.

Фота з архіва «ЛВ»

– Васілій Мікалаевіч, пра што гавораць выніковыя лічбы 2021 года, што атрыманы сельгаспрадпрыемствамі раёна па жывёлагадоўлі і раслінаводстве?

– Давайце пачнём з плюсаў, якія станоўча паўплывалі на агульную дынаміку. Калі гаспадар з кармамі, то будзе і з малаком. Летась нарыхтаваны 31 цэнтнер кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на пяць цэнтнераў больш, чым у 2020 годзе. Дастатковая колькасць кармоў, іх належная якасць паспрыялі і агульнараённаму валавому надою малака. Летась сумарна гаспадаркі Ляхавіччыны надаілі 55164 тоны малака ці 101,1 працэнта да 2020 года пры таварнасці 91 працэнт. Для параўнання: пазалетась паказчык складаў   88,9 працэнта.
Аналагічная сітуацыя і з надоямі на адну карову: плюс 319 кілаграмаў да 2020 года. Зніжэнне дапусцілі КСУП «Ліпнянка», ААТ «Нача», СВК «Ляхавіцкі».
Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ўдалося захаваць на ўзроўні 2020 года, а вось раённы статак зменшыўся на 186 галоў і склаў 9820 кароў.
Увогуле за мінулы год тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склаў 101,6 працэнта да 2020 года: у раслінаводстве – 103,6 працэнта, жывёлагадоўлі – 100 працэнтаў. Зменшылі аб’ёмы валавой прадукцыі ўсе гаспадаркі раёна за выключэннем ЗАТ «Белпрампрыбор» і КСУП «Ліпнянка», а таксама фермерскіх гаспадарак. А вось выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг павялічылася на 27 працэнтаў, выраслі прыбытак ад рэалізацыі і рэнтабельнасць продажаў. Чысты прыбытак па сельскагаспадарчай галіне раёна склаў дзесяць мільёнаў рублёў – на 35,7 працэнта больш, чым за пазалеташні перыяд. Важны паказчык: па выніках 2021 года няма стратных сельгасарганізацый, што сведчыць пра паляпшэнне фінансавага стану гаспадарак. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць знізілася ў 2,5 раза. Пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах і пазыках па стане на 1 студзеня 2022 года не мелася, неплацежаздольнай з’яўлялася толькі «Ліпнянка».
У актыў работы сельгаспрадпрыемстваў можна занесці і наступны факт: сярэднямесячная зарплата ў раёне склала ў мінулым годзе 1071 рубель, што на 20,3 працэнта вышэй, чым у 2020 годзе. У раслінаводстве наступныя паказчыкі: атрымана сельгасарганізацыямі і фермерскімі гаспадаркамі 58049 тон збожжа, 8089 тон рапсу, 2261 тона льновалакна, 61212 тон цукровых буракоў, 10248 тон бульбы.
У гаспадаркі раёна за справаздачны перыяд паступіла больш за
40 адзінак новай тэхнікі.

Якія акалічнасці, прычыны сталі асноўнымі ў тым, што па некаторых паказчыках сельскагаспадарчая галіна раёна дапусціла зніжэнне?

– Асноўная прычына адставання раёна ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі вобласці ў вытворчасці – недапрацоўка ў пытаннях кармлення і ўтрымання жывёлы і, як следства, – праблемы з аднаўленнем статка, захавання пагалоўя. Менавіта з-за невыканання арганізацыйна-тэхналагічных патрабаванняў пры вырошчванні маладняку летась выбыццё рамонтных цялушак склала 1314 жывёл – 12 працэнтаў да агульнай колькасці кароў. Зменшыліся, у параўнанні з 2020 годам, на 14 грамаў сярэднясутачныя прывагі цялушак. Прычым, у «Ліпнянцы» гэты паказчык – мінус 66 грамаў, «Шляху новым» – мінус 64 грамы, «Начы» – мінус 59 грамаў. Летась атрымана на 48 цялят менш.
Цяпер пра падзёж. І ў гэтым паказчыку зноў недапрацоўка. Летась гаспадаркі страцілі на 221 жывёлу больш, чым пазалетась, у працэнтным вымярэнні гэта складае 2,17 працэнта. У разы вышэй сярэднераённых паказчыкі ў «Шляху новым», «Ліпнянцы», СУП «Белазем’е». Дарэчы, у гэтых жа гаспадарках выяўляліся і парушэнні ў кармленні і ўтрыманні жывёлы.
У «Жарабковічах», «Начы», «Шляху новым», «Ліпнянцы» парушалася тэхналогія нарыхтоўкі травяністых кармоў. Адсюль і наступныя вынікі: з даследаваных летась 35 тысяч тон сенажу (а гэта амаль палова нарыхтаванага) згодна з аналізам 11 працэнтаў – някласныя, а амаль 35 працэнтаў маюць толькі трэці клас.
У некаторых сельгаспрадпрыемствах не захоўваюцца схемы выпойвання нованароджаных цялят па прычыне зніжанага кантролю з боку зааветэрынарнай службы за выканальніцкай дысцыплінай жывёлаводаў. Выяўляюцца неаднаразовыя факты несвоечасовай чысткі і дэзынфекцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, індывідуальных клетак для цялят, радзільных секцый і іншае. Па-ранейшаму існуюць праблемы з забяспечанасцю гаспадарак раёна спецыялістамі ветэрынарнага профілю.
Сярод іншых парушэнняў – адсутнасць належнага кантролю з боку галоўнага ветурача сельгаспрадпрыемства, нізкая працоўная і выканальніцкая дысцыпліна ветспецыялістаў фермаў, не
дастатковая вакцынацыя буйной рагатай жывёлы, незахаванне
схем лячэння хворай жывёлы і іншае.
Каб не паўтарыць памылак мінулага года, у кожнай з арганізацый, дзе былі праблемы, распрацаваны мерапрыемствы па павелічэнні захаванасці статка і скарачэнні невытворчага выбыцця БРЖ. Дарэчы, кожны выпадак падзяжу жывёлы дэталёва разглядаецца ў гаспадарках, вінаватыя прыцягваюцца да матэрыяльнай адказнасці.

Агучце, калі ласка, асноўныя задачы, якія стаяць перад аграрным комплексам Ляхавіччыны сёлета?

– Калі канкрэтна па пазіцыях, то яны наступныя. Раёну даведзена заданне па тэмпе росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – не менш за 102,6 працэнта да 2021 года. Пагалоўе кароў павінна скласці 102,7 працэнта да леташняга ўзроўню, вытворчасць малака – 103,3 працэнта, прадукцыя вырошчвання БРЖ – 102,8 працэнта, свіней – 103,6 працэнта, вытворчасць збожжа – 115,4 працэнта, рапсу – 111,3 працэнта, ільновалакна – 132,7 працэнта.
У мінулым годзе пачата будаўніцтва малочнатаварных фермаў у «Жарабковічах» (на 1000 галоў), у «Ляхавіцкім» (на 720 галоў). Сёлета ў планах – завяршэнне будаўніцтва і ўвод комплексаў у эксплуатацыю. Што, у сваю чаргу, павінна станоўча паўплываць на вытворчасць малака, калі канкрэтней, то па «Жарабковічах» чакаецца плюс 6,8 працэнта, «Ляхавіцкім» – 7,4 працэнта.
Задачы, пастаўленыя перад аграрнай галіной раёна, адназначна, вырашальныя. Неабходна дасканала прытрымлівацца тэхналагічных рэгламентаў пры вырошчванні прадуктаў раслінаводства, забяспечыць паўтарагадовы запас высакаякасных кармоў, арганізаваць работу малочнатаварных фермаў з захаваннем паточна-цэхавай сістэмы вытворчасці малака з абавязковым прымяненнем камп’ютарных праграм кіравання статкам, захоўваць тэхналогію вырошчвання маладняку БРЖ. Ветэрынарнае абслугоўванне статка павінна быць прафесійным. У поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны рэалізоўваць праграму будаўніцтва і рэкаструкцыі жывёлагадоўчых аб’ектаў. Плюс – абавязковая вытворчая дысцыпліна на кожным участку, не забываць пра кадравы складнік і забяспечанасць тэхнікай і палівам.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.