Выратавальны рэйд. Ляхавіцкія выратавальнікі змагаюцца з прыроднымі пажарамі

У мінулую пятніцу ў складзе прафілактычнага рэйду працавалі прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Ірына Тукай, супрацоўнікі РАНС, участковыя інспектары міліцыі і старшыні сельвыканкамаў.

Яны абследавалі тэрыторыю Галаўнінцаў і Крывошына, расказалі вяскоўцам пра пажарную сітуацыю ў раёне і прывялі прыклады ўзгаранняў з-за выпальвання травы, папярэджвалі пра адказнасць і наступствы такой «уборкі», раздавалі тэматычныя памяткі і буклеты.
19 сакавіка выратавальнікі выязджалі ў садовыя таварыствы «Васілёк», «Дружба», «Мара» і многія іншыя, а на наступны дзень на маршруце былі Савейкі, Мыслабаж, Тальмінавічы, Ліпск, Гайнін, Гайнінец, Нача, Падлессе.
– Сітуацыя з узгараннямі сухой расліннасці ў раёне складаная. Амаль у кожнай вёсцы раёна маюцца ачагі ўзгаранняў. І гэта не нязначныя ўчасткі, дзе людзі могуць самастойна справіцца з агнём. Гэта тыя кропкі, дзе патрабуецца  ўмяшанне выратавальнікаў. На кану – жыццё чалавека, захаванасць маёмасці, – адзначае намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ.
Праблема ў тым, што гаспадары ўчасткаў думаюць, што яны змогуць кантраляваць сітуацыю пры выпальванні мінулагодняй травы. Жыццё пацвярджае адваротнае, і тады выратавальнікі спяшаюцца на чарговы пажар. Тэхніка падраздзяленняў РАНС у гаражах не затрымліваецца: цыстэрны ёмістасцю ад двух з паловай да дзесяці тон запраўляюцца вадой і імчацца з аднаго здарэння на другое. У тушэнні палаў сухой расліннасці задзейнічаны нават рэзервныя змены, падкрэслівае Дзмітрый Берташ. Да таго, нашы агняборцы дапамагаюць тушыць палы травы ў суседніх Ганцавіцкім і Клецкім раёнах.
За незаконнае выпальванне сухой расліннасці прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь. Распальванне вогнішча ў забароненых месцах цягне  папярэджанне або штраф да пяці БВ. За падобныя парушэнні пры нанясенні страты чужой маёмасці прадугледжана і крымінальная адказнасць.
Падчас рэйдавых мерапрыемстваў па выяўленні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры выпальванні травы і кустоўя, развядзенні вогнішчаў на прыдамавых тэрыторыях у вёсках Патапавічы і Галаўнінцы выяўлены два адпаведныя факты.
У Патапавічах, напрыклад, ляхавічанін 1979 г. н. выпальваў сухую расліннасць і смецце на дачным участку, а ў Галаўнінцах гаспадар дома распаліў вогнішча і паехаў па справах. Невядома, чым бы
закончыліся гэтыя дзве сітуацыі, калі б не падаспелі выратавальнікі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.