На стале – клёцкі. На клумбе – ліліі. Ляхавічанка стала пераможцай міжрэгіянальнага творчага анлайн-конкурсу «Бабулін куфэрак»

Без сумненняў, цяпер гатаваць смачныя стравы па сямейных рэцэптах, якія беражліва з пакалення ў пакаленне перадаваліся ў сям’і ляхавічанкі Людмілы Рагацэвіч, будуць многія землякі. А сама захавальніца кулінарных сакрэтаў, наша зямлячка Людміла Рагацэвіч стала пераможцай міжрэгіянальнага творчага анлайн-конкурсу «Бабулін куфэрак», што праводзіўся сярод грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН, у намінацыі «сямейныя рэцэпты». Анлайн-спаборніцтва арганізаваў Івацэвіцкі ТЦСАН.

Відэаролік, як ляхавічанка (яна тут нарадзілася і жыве) Людміла Рагацэвіч па старадаўнім рэцэпце гатуе беларускую страву – клёцкі, можна глядзець бясконца. Як жа гэта апетытна і смачна! І сама кулінарных спраў майстрыха не можа не выклікаць захапленне – апранутая ў беларускае нацыянальнае ўбранне, а фартух дастаўся ад бабулі, усмешлівая, стыльная. Хто не паспеў запісаць рэцэпт – не праблема, у канцы роліка яго можна прачытаць. Канешне, журы не ўстаяла перад такой прэзентацыяй і прысудзіла першае месца менавіта прадстаўніцы Ляхавіччыны. Людміле Рагацэвіч уручаны дыплом  і прыз.
– Людміла Іванаўна наведвае аддзяленне пяць гадоў. Без яе ўдзелу не абыходзіцца ні адно наша мерапрыемства. З ёй вельмі камфортна і цікава працаваць. Канешне ж, усе радаваліся яе перамозе, – гаворыць кіраўнік гуртка аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН Вольга Давідоўская.
– Яшчэ калі была малая, з цікавасцю глядзела, як мама гатуе галушкі – іх называлі клёцкі. Былі розныя варыянты: запечаныя ў печцы, суп з малаком, а яшчэ нешта накшталт калдуноў. Такіх сямейных кулінарных рэцэптаў у мяне шмат, люблю і эксперыментаваць у прыгатаванні ежы. Мой суперхіт – мясны рулет з сакрэтнымі інгрэдыентамі, рэцэпт прыдумала сама. Калі дзеці прыязджаюць у госці, сын заўжды просіць яго прыгатаваць, дачка – рулет са скумбрыі, зяць – пірог  рыбны, – расказвае Людміла Рагацэвіч.
Свет захапленняў нашай таленавітай зямлячкі, якая да выхаду на заслужаны адпачынак працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры (не толькі ў ляхавіцкіх школах, але і ў Мінску), ніколі не абмяжоўваўся кулінарнай справай.
– Як жа люблю кветкі! Не шкадую на іх ні сродкаў, ні сіл. На агародзіках мае суседзі вырошчваюць агародніну, зяленіва, а я – кветкі. Мае фаварыты – ліліі і цюльпаны. Зімой таксама не развітваюся з кветкамі – майструю іх з паперы, – адзначае Людміла Іванаўна.

Галіна КАНЬКО.