Заканадаўчы інтарэс. Пракуратура Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі правяла комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку

Пракуратура раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі правяла комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, нармалізацыю крымінагеннай сітуацыі, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.

Сумеснымі намаганнямі ўдалося дасягнуць пэўных вынікаў па асобных накірунках дзейнасці. Так, летась на тэрыторыі раёна назіралася зніжэнне агульнай злачыннасці практычна на 7,5 працэнта, рэцыдыўнай злачыннасці і злачыннасці непаўналетніх, не зарэгістравана вымаганняў, разбояў. Менш учынена крадзяжоў, грабяжоў, злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Разам з тым, павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у нецвярозым стане, больш стала хуліганстваў, учынена адно забойства.
Зварот з іскавай заявай у суд – адна з формаў, якую выкарыстоўвае пракуратура з мэтай абароны інтарэсаў грамадзян, дзяржавы, прадпрыемстваў і арганізацый дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці. Так, летась пракуратура накіравала 34 заявы ў суд на агульную суму больш за 70 тысяч рублёў. Іскі датычылі як кампенсацыі шкоды, прычыненай сельгасарганізацыям раёна (па факце падзяжу жывёлы, знішчэння маёмасці), так і ў інтарэсах арганізацый (спагнанне нанесенай страты, пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці), дзяржавы (пакрыццё шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, спагнанне расходаў, затрачаных на навучанне).
Па заяве пракуратуры судом прынята рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі шэрага тэлеграм-каналаў экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Пракуратура раёна трымала на кантролі выкананне заканадаўства дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, суб’ектамі гаспадарання. Выяўлены парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства, заканадаўства, накіраванага на ахову ўласнасці, аб зваротах грамадзян, аб зямлі і іншыя. Па выніках праведзеных праверак прыняты меры пракурорскага  рэагавання. Па актах пракурора больш як сотня чалавек прыцягнута да адміністрацыйнай, дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.
Летась у раёне на вытворчасці зарэгістраваны чатыры няшчасныя выпадкі, з якіх адзін (ТАА «Фермент») прывёў да цяжкай траўмы, а тры (два ў СВК «Ляхавіцкі» і адзін у ПМК-13) не з’яўляюцца цяжкімі. Аналіз матэрыялаў няшчасных выпадкаў і вынікі праверак сведчаць пра тое, што не ва ўсіх арганізацыях і прадпрыемствах раёна належным чынам забяспечваецца бяспека працы. Падобныя парушэнні пракуратура раёна выявіла ў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»,
ААТ «Шлях новы», КСУП «Ліпнянка», ВУ «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі МКК». Па патрабаванні пракурора пяць службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Значную ўвагу ў мінулым годзе пракуратура надавала нагляду за выкананнем заканадаўства ў галіне эканомікі. Па выніках праверак унесена  12 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў згаданага заканадаўства, дзве асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці. Пракуратура ўзбудзіла і накіравала ў суд дзве крымінальныя справы па фактах утойвання падзяжу жывёлы, а ў адносінах асоб, якія ўчынілі злачынствы, пастаноўлены абвінавачвальныя прыгаворы.
Вынікам пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй 13 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.
Пракуратура раёна працягвае работу па спыненні парушэнняў дзеючага заканадаўства.

Сяргей ДЗЯЖКО,  пракурор раёна.