У палі прыйшла вясна. На Ляхавіччыне ў мінулую суботу пачалася сяўба зерневых


Аляксандр Дзядовіч

Вясна не каляндарная – пасяўная прыйшла разам з моцным, аранжавага ўзроўню сінаптычнай ацэнкі ветрам. У суботу, нядзелю, панядзелак ён быў адной з галоўных тэм для гутарак.

Вытворчая неабходнасць запатрабавала газетчыкам узяць курс на пасяўны палетак ААТ «Шлях новы», і ўсё, што там адбываецца, можна было назіраць, што называецца, у гуках і фарбах. Факт: неўтаймаванасць ветру ў полі праяўлялася асабліва выразна. Доўгія сцены, а часам і высокія  слупы пылу ўздымаліся то тут  то там.
– Канешне ж, нічога добрага ў тым няма. Вецер яшчэ больш сушыць глебу, выносіць з палёў вільгаць, на якую сёлетняя аграрная вясна і без таго не надта шчодрая. Трэба спяшацца, часу на прамаруджванне няма, – адзначыў у гутарцы адзін з удзельнікаў пасяўнога працэсу гаспадаркі.
Вось і спяшаюцца, але не ва ўрон якасці работ і ніяк не насуперак аграрным тэхналогіям. Гэта догма і аснова будучага ўраджаю, а значыць, гаспадарчых дывідэнтаў, заробкаў і рознага кшталту бонусаў працаўнікоў.
Аляксандр Дзядовіч  на сяўбе не навічок, можна сказаць, свой чалавек ці чалавек на сваім месцы. Азімыя пасевы акцыянернага таварыства, якія, дарэчы, ужо заўважна абазначылі сваё паслязімовае адраджэнне, у многім плод яго асенняй хлебаробска-механізатарскай працы.
– У полі з 26 сакавіка. Стартуем рана, згортваемся дастаткова  позна. Дзённая работа доўжыцца прыкладна па 12 гадзін і амаль без «піт-стопаў». Выключэнне – для перазапраўкі бункера пасяўной машыны насеннем і падчас абедзеннага перапынку. Харчуемся, дарэчы, у полі – у меру разнастайна, пажыўна-смачна і па нулявым кошце. За мінулыя пару дзён засеяў дзесці каля сямі дзясяткаў гектараў. Сёння, думаю, атрымаецца зрабіць больш за 40. Па-першае, калі ўсё пойдзе як трэба, мяркую затрымацца на раллі некалькі пазней. Па-другое, поле выгаднае: ніякіх табе слупоў электраперадачы. Доўгі гон: з аднаго канца палетка ў другі будзе да двух з паловай кіламетраў, – дзеліцца працоўным момантам Аляксандр.
А на другім «полюсе» пасяўнога поля ААТ «Шлях новы» Анатолій Васільевіч Дзядовіч. Бацька таксама механізатар і таксама заняты на галоўнай аперацыі яравой кампаніі. Яго задача і палявы абавязак заключаецца ў своечасовай дастаўцы і загрузцы пасяўнога агрэгата насенным матэрыялам.
Работа, магчыма, не настолькі тонкая, як механізатара-сеяльшчыка, але аднолькава патрэбная, неабходная, важная. Як без яе?
Паралельна камбінаванаму пасяўному агрэгату сваю баразну «трымаюць» пару адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. У невялікай аддаленасці і на іншым палетку з клубамі пылу змагаецца культыватар.
– Гэта аперацыя па закрыцці вільгаці. Праводзім пад будучыя і ўжо, бадай, хуткія пасевы цукровых буракоў. Сёлета гаспадарка намерана пасеяць-вырасціць іх на плошчы ў тры сотні гектараў. Пад свае магутнасці, магчымасць убраць іх своечасова, якасна і без страт. «Цукар», дарэчы, добры папярэднік пад пасеў у тым ліку і зерневых. Яшчэ і за кошт бацвіння, што застаецца на полі пасля ўборкі салодкага прадукту, працуе як угнаенне, – заглядваючы ва ўборачную восень, разважае начальнік вытворчага ўчастка акцыянернага таварыства Аляксандр Пажога.
Справіцца з ранняй сяўбой «Шлях новы» плануе ў абазначаныя нарматыўнымі тэрмінамі дні. Калі, канешне, на гэтым шляху не здарыцца неадпаведнасцяў, калі з надвор’ем усё заладзіцца, складзецца як і патрэбна. Клін ранніх яравых зерневых і зернебабовых у гаспадарцы не здаецца маштабным: 250 гектараў ячменю, з якога і пачалася сяўба, прыкладна  столькі ж зернебабовых, аднагадовыя з частковым пад іх падсевам люцэрны. Але, як ведаем, на ранніх сельгаскультурах яравая сяўба ў аграрыяў далёка не заканчваецца. Можна сказаць, толькі пачынаецца. У след за тэмпературным градусам вясны пасяўное напружанне будзе, бадай, узрастаць. Для тых, хто з імі працуе, прыйдзе час цукровых буракоў, пасля – кукурузы, з якой працуюць фактычна ўсе і не на малых плошчах сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Важна не спазніцца, не ўпусціць сваю выгаду.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.