Как правильно питаться

Народная мудрасць гаворыць: усе нашы хваробы ад нерваў. Але тут варта было б дадаць — і ад няправільнага харчавання. Наша самаадчуванне залежыць непасрэдна ад таго, што мы ядзім, але не ўсе надаюць гэтаму асаблівае значэнне. Аб тым, якім павінен быць правільны рацыён харчавання, як сфарміраваць яго ў дзяцей, дзе ў Беларусі знайсці «здаровыя» прадукты і калі ў рэспубліцы з’явіцца Канцэпцыя здаровага харчавання, карэспандэнт БЕЛТА размаўляе з начальнікам аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні кандыдатам біялагічных навук Людмілай Мельнікавай.

Людміла Аляксандраўна, раскажыце аб асноўных прынцыпах здаровага харчавання. Ці адрозніваюцца гэтыя правілы для розных узроставых груп насельніцтва?
— Асноўныя прынцыпы рацыянальнага харчавання распрацаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Іх пяць, і згодна з імі харчаванне павінна быць умераным, збалансаваным па незаменных харчовых рэчывах, чатырохразовым, прычым кожны прыём ежы прадугледжвае параўнальна невялікую колькасць яды, разнастайным і паўнацэнным. Апошняму прынцыпу надаецца асаблівае значэнне. Галоўнае тут — штодзённае ўжыванне свежай агародніны, садавіны і зеляніны.
Гэтыя прынцыпы ўніверсальныя, і калі іх захоўваць, то ва ўсіх груп насельніцтва ёсць шанс пазбегнуць праблем з лішняй вагой. Калі ж гаварыць аб нормах фізіялагічных патрэбнасцей у харчовых рэчывах і энергіі, то яны, вядома, розныя для мужчын і жанчын, дзяцей і падлеткаў.
— Па статыстыцы мінулага года, амаль 30 працэнтаў беларусаў пакутуюць ад атлусцення. Асабліва актуальная гэта праблема адносна дзяцей і моладзі. Якія шляхі яе вырашэння вы бачыце?
— Дзіцячае атлусценне даволі актуальная праблема, паколькі вядзе да сур’ёзных парушэнняў як фізічнага, так і псіхічнага здароўя дзіцяці.
Навучыць дзяцей есці карысную і здаровую ежу няпроста. У 2011-2012 гадах у рамках дзяржаўнай навуковай праграмы «Дзіцячае харчаванне» мы даследавалі спажывецкія густы навучэнцаў пры выбары прадуктаў харчавання. Аказалася, што харчовыя густы падлеткаў з сярэдніх школ горада Мінска — гэта фастфуд, ласункі, паўфабрыкаты глыбокай тэхналагічнай апрацоўкі, салодкая газіроўка, энергетычныя напіткі, чыпсы. На гэта накладваецца нерэгулярнае харчаванне, аднастайная ежа, перавышэнне колькасці ежы, сядзячы спосаб жыцця перад камп’ютарам. Як вынік, назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей з лішняй вагой.
Праведзеныя апытанні сярод бацькоў паказваюць, што толькі 10 працэнтаў з іх усведамляюць, што харчаванне аказвае сур’ёзны ўплыў на здароўе, і прывіваюць культуру здаровага харчавання падрастаючаму пакаленню. Таму каб дзеці раслі здаровымі, у першую чаргу самі бацькі павінны навучыцца правільна харчавацца і навучыць гэтаму сваіх дзяцей. Уважлівы падбор прадуктаў, правільна арганізаваны рэжым харчавання, кантроль за колькасцю і якасцю ежы, стымуляцыя рухальнай актыўнасці — гэта тое нямногае, што дапаможа дзіцяці ў далейшым быць здаровым чалавекам.
— Якія смакавыя густы ў беларусаў? Якія прадукты яны часцей за ўсё спажываюць, а чаго недаядаюць?
— Беларусы з-за сваіх прывычак ужываюць больш, чым трэба, тлустых малочных і мясных прадуктаў. Прычым мяса мы часцей ядзім не ў натуральным выглядзе, а ў выглядзе разнастайных сасісак і каўбас, у якіх — 30-40 працэнтаў тлушчу. Хлеба, булачак з мукі вышэйшага гатунку, бульбы ў нашым рацыёне таксама залішне, а вось агародніны, садавіны, зеляніны, злакаў, рыбы і морапрадуктаў мы недаядаем. Акрамя таго, вельмі любім салодкае і прывучаем да яго дзяцей.
У нашым рацыёне пераважаюць насычаныя жывёльныя тлушчы і лёгкія вугляводы. Як вынік, згодна з праведзенымі даследаваннямі, беларусы, асабліва падлеткі і людзі сталага ўзросту, адчуваюць недахоп не толькі ў вітамінах А, D, С, В1, В2, фоліевай кіслаце, але таксама ў харчовых валокнах, поліненасычаных тлустых кіслотах, мінеральных рэчывах, такіх як магній, кальцый, жалеза, ёд, селен.
— Апошнім часам стала модна адмаўляцца ад ужывання мяса і станавіцца вегетарыянцам або сыраедам. Плюсы і мінусы такога харчавання, якія ёсць супрацьпаказанні?
— Адносіны да вегетарыянства неадназначныя нават сярод спецыялістаў. Адназначна можна сцвярджаць, што доўгае прымяненне строгага вегетарыянства, пры якім выключаюцца любыя віды мяса жывёлы, птушак, рыб, морапрадукты, а таксама малако і малочныя прадукты, яйкі, з гадамі прыводзіць да рэзкага дэфіцыту жалеза, цынку, кальцыю, вітамінаў А, В2, В12, D, незаменных амінакіслот. Хоць колькасць жалеза, медзі, цынку ў рацыёнах строгіх вегетарыянцаў можа быць дастатковай, але засваяльнасць іх з раслінных прадуктаў нізкая. Нават у здаровых людзей, якія выключылі са свайго рацыёну ўсе прадукты жывёльнага паходжання, могуць развівацца дысбіёз, гіпавітаміноз і бялковая недастатковасць.
Улічваючы, што вегетарыянства не можа забяспечыць павышаную патрэбнасць у лёгказасваяльным кальцыі, у жанчын у перыяд постменапаўзы і ў пажылых людзей высокая рызыка развіцця астэапарозу. Таксама вядома, што лёгказасваяльнае жалеза знаходзіцца толькі ў прадуктах жывёльнага паходжання, недахоп яго ў вегетарыянскай дыеце можа прыводзіць да развіцця жалезадэфіцытнай анеміі. Такім чынам, строгае вегетарыянства нельга лічыць рацыянальным харчаваннем для дзяцей, падлеткаў, цяжарных жанчын, кормячых маці, пажылых людзей, спартсменаў.
— Як вы ацэньваеце беларускі рынак прадуктаў здаровага харчавання і ці шырока прадстаўлены прадукты для алергікаў, людзей, хворых на дыябет?
— Рынак здаровага харчавання ў Беларусі толькі пачынае развівацца. Але яго важнасць і перспектыўнасць усведамляюць усе, хто займаецца вытворчасцю і продажам такіх прадуктаў.Да прадуктаў здаровага харчавання адносяць арганічныя, функцыянальнага прызначэння і БАДы. Арганічнымі або экалагічна чыстымі прадуктамі называюць тыя, што атрыманы ў натуральных умовах без выкарыстання ГМ-тэхналогій, хімічных угнаенняў, гармонаў росту, харчовых дабавак. Цяпер у Беларусі адсутнічае прававая база, якая датычыцца арганічнай вытворчасці, няма дзяржаўных стандартаў і адпаведных тэхналагічных нарматываў. Пакуль што ніводнае сельгаспрадпрыемства ў нашай краіне не мае сертыфіката на выпуск такой прадукцыі. Таму сур’ёзна гаварыць аб наяўнасці арганічных прадуктаў на паліцах нашых магазінаў лічу неабгрунтаваным.
На рынку функцыянальных прадуктаў сітуацыя іншая. У 2007 годзе ў Беларусі зацверджаны і ўведзены ў дзеянне стандарт, які ўстанаўлівае тэрміны і паняцці ў гэтай галіне. Так, функцыянальным лічыцца прадукт харчавання, абагачаны фізіялагічна функцыянальнымі інгрэдыентамі для захавання і паляпшэння здароўя. Рынак такіх прадуктаў у нашай краіне актыўна фарміруецца. Умоўна яны прадстаўлены некалькімі групамі, сярод якіх можна адзначыць збожжавыя, малочныя прадукты і безалкагольныя напіткі.
Адносна вытворчасці ў Беларусі прадуктаў для лячэбнага харчавання пытанне застаецца адкрытым. Яны ствараюцца на стыку дыеталогіі і фармакалогіі для лячэння і прафілактыкі сацыяльна значных захворванняў, напрыклад, такіх як алергія і дыябет. Пры гэтым функцыянальныя інгрэдыенты, дабаўленыя ў такія прадукты, павінны даказаць сваю медыцынскую перавагу ў стандартызаваных клінічных даследаваннях.
— Ці з’яўляюцца такімі ўжо небяспечнымі прадукты, якія змяшчаюць трансгенныя рэчывы, як аб гэтым гавораць некаторыя СМІ? Якая іх доля на беларускім рынку?
— Спрэчкі аб бяспецы для арганізма чалавека прадуктаў харчавання на аснове генна-мадыфікаваных аб’ектаў вядуцца ва ўсім свеце. Аднак пакуль што ні ў праціўнікаў, ні ў прыхільнікаў ГМА няма дастатковай колькасці аргументаў і навуковых фактаў па гэтым пытанні.
Разам з тым у Беларусі распрацавана і бесперапынна ўдасканальваецца сістэма кантролю за абаротам ГМА, якая ўкаранёна ў практыку дзяржаўнага нагляду, санэпіднагляду, аграпрамысловага комплексу краіны, мытнай службы і іншых зацікаўленых ведамстваў.
Існуе таксама пералік харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, якія падлягаюць кантролю за наяўнасцю ў іх ГМ-складальнікаў. У яго ўключаны прадукты з генетычна мадыфікаванай соі і кукурузы. У адпаведнасці з пастановай Саўміна такія прадукты падлягаюць абавязковай маркіроўцы з пазначэннем звестак аб тым, што яны з’яўляюцца генетычна мадыфікаванымі або ў іх саставе ёсць такія кампаненты.
Маніторынгавыя даследаванні паказваюць, што колькасць прадукцыі, якая змяшчае ГМА, на рынку Беларусі адносна невялікая і ў апошнія гады захоўваецца на ўзроўні 1 працэнта. Так што ні аб якой перавазе ГМА над традыцыйнай прадукцыяй не можа быць і размовы.
— Якія новыя віды прадуктаў харчавання апошнім часам былі распрацаваны ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні?
— Штогод у цэнтры распрацоўваецца вялікая колькасць назваў прадуктаў для розных груп насельніцтва. Да найбольш цікавых трэба аднесці распрацоўку тэхналогіі вытворчасці мяккай карамелі, купажыраваных і абагачаных вітамінамі і лікапінам алеяў для герадыетычнага харчавання, ізатанічных напіткаў для спартсменаў, новых відаў снэкаў на аснове прадуктаў экструзіі збожжавых культур і хлеба з выкарыстаннем рошчыны на кефірных грыбках.
Асаблівая ўвага ў цэнтры ўдзяляецца распрацоўцы прадуктаў дзіцячага харчавання. Так, упершыню ў Беларусі тут распрацаваны сухі малочны прадукт для дзяцей з лактознай недастатковасцю, бія-прадукты «Цветик-семицветик» з прабіятычнымі мікраарганізмамі. Зусім новай распрацоўкай з’яўляецца тэхналогія «растваральнага» пячэння, якое мае павышаную намакальнасць, для дзяцей ранняга ўзросту. З мясных прадуктаў трэба адзначыць кансервы для прафілактычнага харчавання дзяцей ранняга ўзросту «Мальвіна», «Пышка», сасіскі для дзяцей з выкарыстаннем цяляціны «Віні-Пух», «Бураціна», паўфабрыкаты рубленыя, абагачаныя вітамінамі шніцаль «Садко», катлета «Ладачкі».
Цікавымі распрацоўкамі для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту з’яўляюцца малочны шакалад з лактулозай і вітамінамі, а таксама лінейка кандытарскіх вырабаў, якая ўключае карамель з вітамінамі «Мультыхіт», «Фруктавіта», вітамінізаваны зефір, ірыс і яшчэ шмат усялякіх ласункаў.
— Купляючы прадукты ў магазіне, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу, у тым ліку ў радку «састаў»?
— Калі гаварыць аб харчовых дабаўках, якія ўваходзяць у састаў прадукту, то нічога лішняга туды не дабавяць. Калі прадукт дазволены для выкарыстання, ён апрыёры бяспечны для нас, няхай гэта будзе ГМА, харчовыя дабаўкі, фарбавальнікі, эмульгатары, стабілізатары і г.д. Іх дабаўляюць роўна столькі, колькі патрэбна для дасягнення тэхналагічнага эфекту, і гэта вельмі строга кантралюецца дзяржавай у розных акрэдытаваных лабараторыях.
А вось на што сапраўды трэба звяртаць увагу пры куплі, дык гэта на тэрмін прыгоднасці прадукту, таму што калі ён скончыўся, прадукт можа стаць небяспечным для здароўя. Пасля куплі трэба абавязкова паглядзець на этыкетцы, як захоўваць прадукт, пры якой тэмпературы, колькі яго можна захоўваць пасля адкрыцця. І, вядома, часцей заглядаць у халадзільнік, наводзіць там парадак.
— Размовы аб канцэпцыі дзяржпраграмы аб здаровым харчаванні вядуцца ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. На якім этапе яна знаходзіцца цяпер, яе асноўныя мэты?
— Праект Канцэпцыі здаровага харчавання да 2015 года быў падрыхтаваны яшчэ ў 2009 годзе, але па розных прычынах, у тым ліку міжведамаснай раз’яднанасці, не атрымаў далейшага развіцця.
Цяпер па ініцыятыве дэпутатаў у рамках міжведамаснага каардынацыйнага савета па ўзаемадзеянні дзяржаўных органаў, якія кантралююць бяспеку выкарыстання харчовай сыравіны, прадуктаў харчавання і кармавых біядабавак, створана рабочая група па ўзгадненні дзейнасці, звязанай з пытаннямі харчавання. Яе першачарговая задача — рэанімаваць праект канцэпцыі і перадаць на разгляд парламента. Пасля паўторнага разгляду можна будзе гаварыць аб асноўных пунктах канцэпцыі, аднак мэта яе застанецца ранейшай — захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва, прафілактыка захворванняў, звязаных з ня-правільным харчаваннем дзяцей і дарослых.
Хрысціна РАШАНОК, БЕЛТА.

Фота з сайта http://afisha.vhabare.ru

One thought on “Как правильно питаться

  • 01/09/2013 в 07:54
    Permalink

    Большое спасибо, Людмила Александровна и Хрысціна РАШАНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *