Адзнакі за камфорт і ўтульнасць. Ляхавіцкія камунальнікі на мінулым тыдні адзначылі прафесійнае свята

У сакавіцкім букеце прафесійных святаў асобна выдзяляецца Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён прыпадае на чацвёртую нядзелю месяца. Адказнасць, напружанасць, значнасць і бесперапыннасць дзейнасці некаторых з падраздзяленняў шматгаліновага прадпрыемства – Ляхавіцкай ЖКГ, у штаце якой налічваецца больш за чатыры сотні супрацоўнікаў, –  падкрэслівае асаблівасць працы камунальнікаў. Менавіта ў іх адрас 25 сакавіка ў ГДК гучалі самыя шчырыя віншаванні.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк адзначыў, што галоўнае – разумець важнасць справы і добрасумленна яе выконваць, у чым і вызначаецца калектыў камунгаса. Ра-зам з пажаданнямі поспеху і здароўя працаўнікам  Аляксей Галяк уручыў героям святочнай урачыстасці ўзнагароды райвыканкама і райсавета дэпутатаў, а бухгалтару КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкай ЖКГ» Наталлі Круглік – Падзяку Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі  (на здымку).
Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі павіншаваў працаўнікоў прадпрыемства з прафесійным святам, адзначыў ганаровымі граматамі супрацоўнікаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Ганаровай граматы Прэзідыума Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза ўдастоена пярвічная прафсаюзная арганізацыя Ляхавіцкай ЖКГ, якая заняла першае месца ў сваёй групе ў аглядзе-конкурсе на лепшую пярвічку сярод работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прад-прыемстваў па выніках
2021 года. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк уручыла гэту высокую адзнаку прафсаюзнаму лідару камунгасаўцаў начальніку абаненцкага аддзела Іне Смаршчок. Ганаровай граматай Прэзідыума Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза за значны ўклад і актыўны ўдзел у дзейнасці абласной арганізацыі ўзнагароджаны вядучы інжынер па ахове працы Ігар Шырэй. Тамара Пракап’юк перадала Граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў дырэктару КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкай ЖКГ» Андрэю Чайкоўскаму і спецыялісту па рабоце з дэбіторскай запазычанасцю Таццяне Крываруцкай.
Музычныя віншаванні і цудоўны настрой галоўным па камунальным камфорце райцэнтра – супрацоўнікам Ляхавіцкай ЖКГ – ад душы дарылі самадзейныя калектывы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.