Зайшоў у інтэрнэт – знайшоў работу

У наш час знайсці работу можна рознымі шляхамі: абысці-патэлефанаваць у розныя прадпрыемствы і арганізацыі, непасрэдна звярнуцца ў службу занятасці, наведваць кірмашы вакансій. Дарэчы, апошнім часам папулярныя ў беларусаў электронныя кірмашы вакансій.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла расказала, што ў мінулы чацвер кірмаш у анлайн-фармаце адбыўся і ў Ляхавіцкім раёне. Удзел у ім узялі ААТ «Жарабковічы», а таксама далучылася КУП «Мінская агароднінная фабрыка». «Жарабковічы» прапаноўвалі 11 вакансій вадзіцеля і 10 – трактарыстаў-машыністаў. Агароднінная фабрыка выставіла 52 прапановы аб магчымасці пра-цаўладкавання.
Як працуе такога кшталту кірмаш? Кожны з тых, хто шукае работу на інтэрнэт-партале, падбірае падыходзячыя варыянты, мае магчымасць задаць патэнцыяльнаму наймальніку розныя пытанні, атрымаць электронную кансультацыю, запрашэнне на размову ў рэжыме рэальнага часу.
Дарэчы, па словах Ірыны Пабягайла, такія працаўладкаванні на Ляхавіччыне пачалі ўводзіцца яшчэ летась. Тады кірмашы працавалі штомесяц, сёлета – кожны квартал.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.