Любіць па-руску, жыць па-беларуску

Сям’я Біза – інтэрнацыянальная. Беларусь і Расія для іх – агульны дом

«Пакрысе на расе патухаюць зоркі-сплюшкі. Гульні ўсе, казкі ўсе пахаваны пад падушкі.Спяць і мышкі, і стрыжы, спяць машыны ў гаражы. Ты таксама каля мамы ціха-ціхенька ляжы» – як жа ўважліва гэтыя мілагучныя, прыгожыя словы беларускай калыханкі слухала ў расійскім горадзе Інсар Мардовіі маленькая дзяўчынка Аленка. А спяваў часта калыханку, укладваючы дзяцей спаць, бацька Мікалай, які нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Ляхавічы. Жонка Мікалая Вольга родам з Мардовіі.У 2000 годзе сям’я Уласеняў вярнулася на радзіму мужа і бацькі – у Беларусь.
– Я і браты вучыліся ў школе, бацькі працавалі. Канешне, было цяжка прывыкаць да новых умоў, знаёміцца з усімі. А неўзабаве сустрэлася з  юнаком, які стаў часткай  майго жыцця, каханым, сябрам і самым лепшым у свеце – маім мужам Яўгеніем, – расказвае Алена Біза.


Яўгеній нарадзіўся і жыў у Ляхавічах, бацькі – педагогі, дарэчы, мама выкладала рускую мову і літаратуру ў гімназіі. Гісторыя іх кахання пачалася, калі абодва былі школьнікамі, – спачатку проста сябравалі, а потым, калі зразумелі, што не могуць адзін без аднаго, вырашылі стварыць сям’ю. Прычым абодва – жаніх і нявеста – тады былі першакурснікамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Сёння мнагадзетная дружная і па-сапраўднаму шчаслівая сям’я Біза жыве ва ўласным доме, пабудаваным з дзяржаўнай падтрымкай на вуліцы Дружнай у Ляхавічах. Тут усё зроблена з любоўю і натхненнем, клопатам і пяшчотай. А як жа інакш, калі ў доме ажно чатыры прадстаўніцы прыгожай паловы – самыя абаяльныя красуні – мама і тры дачушкі Елізавета, Кацярына, Анастасія. А калі прыходзяць яшчэ і дзве бабулі, то толькі ўявіце, які кветнік атрымліваецца. Дарэчы, пра кветкі: якія цудоўныя архідэі вырошчвае гаспадыня вялікага дома – залюбуешся. Адкуль толькі сілы бяруцца і часу хапае ў гэтай маладой жанчыны. У доме суцэльны парадак і чысціня, у чым, канешне, дзяўчынкі дапамагаюць. А вось галоўны сямейны кулінар – муж і бацька. Акрамя таго, Яўгеній самы сапраўдны гаспадар, сад у двары дома – яго заслуга.
– Наш тата гатуе самыя-самыя смачныя стравы, прычым такое ўсё апетытнае, смаката, – з пяшчотай гаворыць пра мужа Алена. А што гэта так, могуць пацвердзіць усе, хто пакаштаваў торт
«Птушынае малако», які Яўгеній Біза прыгатаваў для фіналу раённага кункурсу «Лепшая мнагадзетная сям’я-2022». Сям’я Біза стала пераможцай і цяпер будзе прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным  этапе прэстыжнага конкурсу.
Алена – інспектар па кадрах Ляхавіцкага аграрнага каледжа, Яўгеній – загадчык лабараторыі ЛАКа. З гэтай навучальнай установай цесна звязана і працоўная біяграфія яго бацькі. Вось такая каледжская
дынастыя атрымліваецца.
Сям’я Біза – інтэрнацыянальная, мама – руская, бацька і дочкі – беларусы. Таму ў сям’і з аднолькавай пашанай і павагай адносяцца да моў, культуры, гісторыі дзвюх братэрскіх краін – Беларусі і Расіі. Размаўляюць дзеці і дарослыя таксама на абедзвюх мовах. А вось нядаўна Каця перамагла ў алімпіядзе і па рускай, і па беларускай мове. Свет захапленняў Кацюшы не абмяжоўваецца вучобай, яна займаецца па класе фартэпіяна ў дзіцячай школе мастацтваў. Старэйшая Ліза робіць першыя спробы пяра – піша вершы, а малодшая Насця цікавіцца літаральна ўсім.
Але разам з тым ёсць у сям’і Біза і адно агульнае захапленне: яны разам падарожнічаюць па прыгожых мясцінах як Ляхавіччыны, так і ўсёй Беларусі.
– Колькі вакол усяго цудоўнага. Хочацца і самім паглядзець, і дзяцей нашых пазнаёміць з маляўнічымі куточкамі Радзімы. Асабліва нам падабаюцца падарожжы па гістарычных аб’ектах, цікавяць разнастайныя помнікі архітэктуры, мастацтва, дойлідства,палацава-паркавыя ансамблі – усё настолькі захапляе, – дзеліцца сямейнай традыцыяй Яўгеній Біза.
– Я нарадзілася і жыла ў Расіі, адтуль родам і мая мама, там была мая Радзіма. Ганаруся, што я – руская. Цяпер жыву ў Беларусі, якую палюбіла ўсёй душой і сэрцам і лічу сваёй Радзімай. Тут таксама мае карані, а цяпер з сінявокай краінай звязаны сённяшні дзень і будучыня маёй сям’і. Беларусь – агульны наш дом. Ганарымся, што жывём у такой прыгожай міралюбівай краіне, – зазначае Алена Біза.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.