Падлетак аступіўся. Што зрабіць, каб не дапусціць парушэння закона ў падлеткавым асяроддзі

За кожным з учынкаў дзіцяці – дрэнным ці  добрым – абавязкова стаіць дарослы. Таму, калі падлетак пераступае закон, учыняе правапарушэнне ці злачынства, трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на яго дарослае акружэнне.

Бацькі, педагогі – мена-віта яны, у першую чаргу, у адказе за выхаванне і паводзіны хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта тэма неаднойчы гучала на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама,
дзе разглядалася пытанне «Аб рабоце суб’ектаў прафілактыка па папярэджанні супраць- праўных паводзін і арганізацыі занятасці непаўналетніх у 2021 годзе».
Падчас справаздачы аб зробленым намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч адзначыла што, хоць і істотна зніжаецца колькасць злачынстваў непаўналетніх, але каэфіцыент па-ранейшаму высокі – 0,67, абласны паказчык – 0,66, рэспубліканскі – 0,75. У лічбавым эквіваленце атрымліваецца наступная карціна: летась на рахунку непаўналетніх (гімназіста, навучэнцаў Начаўскай СШ і Баранавіцкага прафесійнага ліцэя будаўнікоў) тры злачынствы, звязаныя з крадзяжом транспартных сродкаў. Аналізуючы прычыны, Наталля Мацкевіч падкрэсліла абыякавасць і недаравальную бяспечнасць з боку бацькоў, якія нічога дрэннага не бачаць у тым, што іх дзіця ў такім узросце самастойна садзіцца за руль аўтамабіля ці ў позні час без суправаджэння дарослых знаходзіцца ў грамадскім месцы на вуліцы. Няўжо не зразумела, што такое свавольства можа прывесці да трагічных наступстваў. Каго тады будуць вінаваціць бацькі? Напэўна, школу, вуліцу, але толькі не сябе. І такія адносіны нічога агульнага з узаемным даверам, як сцвярджаюць некаторыя бацькі, не маюць. Дарэчы, двое непаўналетніх, на рахунку якіх злачынства, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а ў сям’і аднаго з іх па выніках абследавання, што праводзілі педагогі СШ № 2, назіраецца цяжкая жыццёвая сітуацыя.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз задаў пытанне наконт таго, наколькі актыўна і мэтазгодна прыцягваюцца бацькі да прафілактычнай работы. Яе, па словах кіраўніка раёна, неабходна праводзіць куды актыўней і рознабакова, патрэбна больш цеснае ўзаемадзеянне школы і сям’і, БРСМ, грамадскіх арганізацый. Сапраўды, выхаванне пачынаецца з сям’і. І калі ў сям’і будуць па-сапраўднаму займацца выхаваннем дзяцей, праводзіць з імі вольны час, а не перадаваць бацькоўскія клопаты камп’ютару ці сацыяльным сеткам, тады і дзіця вырасце сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.
Наталля Мацкевіч акцэнтавала ўвагу на існуючай праблеме ў прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым асяроддзі, у прыватнасці недахопе індывідуальнай работы з дзецьмі. На яе думку патрэбна больш актыўнасці з боку інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Таксама адной з першачарговых прафілактычных задач названа вяртанне да першаснага выяўлення дзяцей, якія могуць учыніць супрацьпраўныя дзеянні, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту.
На жаль, як канстатавала дакладчык, у мінулым годзе павялічылася колькасць правапарушэнняў, якія ўчынілі падлеткі, дасягнуўшыя
ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Прычым дзесяць з іх – ужыванне спіртных напіткаў, восем такіх парушэнняў на рахунку навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Таксама да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты навучэнцы Тухавіцкай і Востраўскай СШ, Дараўскага ВПК, СШ № 2.
Пра недастатковасць прафілактычнай работы ў гарадскіх школах, Тухавіцкай, Востраўскай СШ, Падлескай БШ сведчыць той факт, што іх навучэнцы, не дасягнуўшыя ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, учынялі правапарушэнні.
Яшчэ адзін сумны і небяспечны момант, які быў агучаны: калі па стане на пачатак 2020 года на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзілася трое непаўналетніх, то ўжо на 1 студзеня 2021 года зарэгістравана восем юных аматараў злоўжывання алкаголем.
Важнае і актуальнае сцвярджэнне: калі падлетак заняты карыснай справай, актыўным адпачынкам, цікавымі мерапрыемствамі, яму яўна будзе не да супрацьпраўных паводзін. Наталля Мацкевіч прааналізавала гэты накірунак па розных установах адукацыі і адзначыла істотную мэтанакіраваную і выніковую работу, што праводзіцца Ляхавіцкім аграрным каледжам.
Добра сябе зарэкамендавалі і студэнцкія атрады, часовая і другасная занятасць навучэнцаў –  гэта не толькі выдатная магчымасць зарабіць грошы ўласнай працай, але і арганізацыя вольнага часу падлеткаў. Заўжды папулярныя і лагеры з дзённым знаходжаннем пры школах. Наталля Мацкевіч прапанавала на працягу ўсіх летніх канікулаў арганізоўваць такія летнікі.
Агучаны і задачы работы па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін непаўналетніх на сёлета. Сярод асноўных: прафілактыка сямейнай неўладкаванасці, злачынстваў і правапарушэнняў сярод дзяцей і падлеткаў, актывізацыя работы ў гэтым накірунку з боку класных кіраўнікоў, куратараў ва ўстановах адукацыі, супрацоўнікаў міліцыі; неабходна разнастаіць індывідуальную работу ў падлеткавым асяроддзі, наладзіць цеснае ўзаемадзеянне інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС са школамі, каледжам.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта pixabay