Як папярэдзіць «непаўналетняе» злачынства

Летась трое непаўналетніх учынілі тры злачынствы. Два з іх на рахунку аднаго падлетка, а трэцяе ўчынена групай асоб. Дзе яны пераступілі мяжу закона?

Укралі машыны і паехалі катацца, не маючы права на кіраванне транспартным сродкам, – прагучала на камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Прычым у падарожжа адправіліся ў начны час, калі павінны былі знаходзіцца дома пад наглядам бацькоў. Чаму падлеткі ў позні час сутак пакінуты самі на сябе? Адказ у адсутнасці ці ў неналежным кантролі з боку бацькоў.
На пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пастаянна праводзіцца аналіз прычын і ўмоў учынення злачынстваў непаўналетнімі, якія пражываюць ці вучацца ў Ляхавіцкім раёне. Адпаведныя меры прымаюцца ўсімі суб’ектамі прафілактыкі, але без зацікаўленасці бацькоў у належным выхаванні сваіх дзяцей намаганні не прыносяць жаданага выніку.
У 2021 годзе непаўналетнія, якія дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, учынілі 25 правапарушэнняў. Падлеткі часцей за ўсё ўжываюць спіртныя напіткі, парушаюць правілы дарожнага руху і г. д.
Парушалі закон і тыя, каму яшчэ не споўнілася 16 гадоў. На іх рахунку 11 правапарушэнняў, сярод якіх чатыры за кіраванне машынай без правоў на гэта.
– Хвалюе, што часта такія правапарушэнні падлеткі ўчыняюць з дазволу бацькоў, якія самі перадаюць ім руль. Калі ў 2020 годзе такіх выпадкаў зарэгістравана чатыры, то летась ужо на два больш. Бацькам неабходна цвёрда ўсвядоміць, што транспартны сродак – аб’ект павышанай небяспекі, і ў руках непаўналетняга ён можа стаць прычынай бяды, – падкрэслівае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч.
Летась шасцёра дарослых прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўцягванне падлеткаў ва ўжыванне спіртных напіткаў. І гэта таксама не можа не хваляваць.
Сярод правапарушэнняў летась зарэгістраваны і тры выпадкі сыходу падлеткаў з дому – трывожны факт. У КСН паступіла пяць паведамленняў аб адлічэнні непаўналетніх з устаноў прафесійнай адукацыі. На пачатак новага года рабят, якія не працуюць і не навучаюцца, у раёне няма.
Усяго за 2021 год камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела 121 справу, з якіх 37 адміністрацыйных.
Індывідуальную прафілактычную работу з падлеткамі праводзіць інспекцыя па справах непаўналетніх РАУС. Вялікае значэнне для правільных паводзін падлеткаў мае і занятасць у пазавучэбны час. Па стане на  1 студзеня 96 працэнтаў навучэнцаў устаноў адукацыі раёна (у тым ліку аграрнага каледжа) ахоплены рознымі формамі занятасці. Для іх арганізаваны разнастайныя гурткі, аб’яднанні па інтарэсах, факультатыўныя заняткі і г. д. у навучальных установах, ЦДАДіМ, СДЮШАР, ва ўстановах культуры і г. д. Галоўнае – жаданне непаўналетніх прымаць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, бавіць свой вольны час карысна.
У раёне забяспечана поўная занятасць навучэнцаў, з якімі ІСН праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу. На працягу 2021 года была арганізавана часовая занятасць 187 вучняў у вольны ад вучобы час у 12 установах адукацыі – гэта так званая другасная занятасць.
Камісія па справах непаўналетніх зацвердзіла план работы на 2022 год, у якім вялікая ўвага нададзена прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці, папярэджанню злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта pixabay