Гульня – лепшая трэніроўка. Ляхавіцкія футбалісты выходзяць на прастор стадыёнаў

Вясна – пара абнаўленняў і аднаўленняў. Прыроды, настрою, жаданняў, магчымасцяў. У тым ліку і магчымасцяў для вялікай спартыўнай гульні – футбола. Пасля кароткай, але законнай міжсезоннай паўзы і наступных тыдняў функцыянавання пад зводамі закрытых залаў, ён нарэшце выходзіць на прастор стадыёнаў.

Каманда і яе трэнер.

Вось і выхаванцы аддзялення футбола СДЮШАР Ляхавіцкага раёна гэтым часам ужо трэніруюцца па-вясенняму – на свежым паветры адкрытага стадыёна.
А да таго на працягу пары апошніх тыдняў  у хлопцаў была зала, гульні ў фармаце міні, спаборніцтвы з равеснікамі з суседніх гарадоў-раёнаў.
Спачатку быў Клецк, дзе адбыўся  традыцыйны для гэтай пары года рэспубліканскі «турнір чатырох». Гульнявы квартэт складалі дзве мясцовыя дружыны, каманда з Нясвіжа і ляхавічане, як адзіныя прадстаўнікі Брэсцкай вобласці. Турнір прайшоў у фармаце аднаго дня, атрымаўся дастаткова напружаным, па-добраму задзірыстым. Здаецца, бескампраміснасць з’яўляецца адной з нядрэнных асаблівасцяў футбола ў выкананні 10-11-гадовых ігракоў. Мацнейшай у Клецку была каманда з Нясвіжа, а вось прыз лепшага футбаліста турніру «прыехаў» у Ляхавічы. Дастаўся ён пяцікласніку сярэдняй школы  № 2 Ільі Кушнярэвічу. На пытанне, чым вызначыўся, што адрознівае футбол Ільі, настаўнік каманды – трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Васілій  Бут-Гусаім адказаў наступнымі словамі: «Шмат забіў, паказаў нядрэнны кантроль мяча, належную тэхніку валодання ім».
А прыкладна праз тыдзень міні-футбол «давалі» ў Ляхавіцкай спартшколе.
Адкрыты турнір на прызы раённай СДЮШАР сабраў тую ж колькасць каманд – чатыры. З таго ж Клецка, канешне ж, Ляхавіч, а з суседніх Баранавіч і ўвогуле прыехаў тандэм удзельнікаў – «Баранавічы-1» і «Баранавічы-2». Неабходна сказаць, што гульнявы сцэнарый гэтага турніру выгадна адрозніваўся ад папярэдняга клецкага. Выгадна для гаспадароў пляцоўкі, якія па факце сталі мацнейшымі, ды яшчэ і за яўнай перавагай. Ляхавіцкія футбалісты 2010-га і больш юных гадоў нараджэння па чарзе справіліся з сапернікамі з Клецка, «Баранавіч-2» і «Баранавіч-1» і па праве заваявалі галоўны прыз спаборніцтва. Агульны лік забітых і прапушчаных мячоў атрымаўся ўнушальным: у трох паядынках каманда-пераможца адправіла ў вароты сапернікаў 27 мячоў, атрымаўшы ў адказ толькі сем у свае ўласныя. Шасцікласнік СШ № 2 Цімафей Катко з 11-цю галамі стаў лепшым бамбардзірам турніру, восем галоў правёў гімназіст-шасцікласнік Віталій Русакевіч. Надзейную гульню ў абароне прадэманстравалі Аляксандр Канцылярчык і Аляксей Чарняўскі – адпаведна шасці- і пяцікласнік СШ № 1. Аднак, як вядома, у футбол гуляюць і перамагаюць каманды.
Як адзначыў Васілій Бут-Гусаім, вырашальным момантам адчувальнай перавагі яго выхаванцаў над сапернікамі стаў фактар «свайго поля». Ці не ў літаральным сэнсе: адметнасць у тым, што гульнявыя залы такога памеру, як у Ляхавічах, – калі не стандарт, то вельмі да таго набліжана – ёсць далёка не ва ўсіх спартыўных школах. Нашым недзе нават пашчасціла, прызвычаіліся, адчуваюць сябе на такім контуры па-бадзёраму, спраўна, гульню вядуць у адпрацаванай манеры, здольны як на доўгія, так і кароткія пасы-перадачы. У адрозненне ад юных футбалістаў з Клецка і Баранавіч, дзе падобныя – вялікія закрытыя – пляцоўкі ў дэфіцыце.
– І Клецкія спаборніцтвы, і дамашні міні-футбольны турнір мы разглядаем як адзін з важных этапаў агульнатрэніровачнага працэсу. Гульня, ды яшчэ і школа на школу – лепшая форма трэніроўкі, добрая практыка. Перад пачаткам сезона імкнёмся аднавіць у хлопцаў пачуццё гульні, дух спаборніцтва, – разважае Васілій Міхайлавіч.
А практычны старт для сезона для юнакоў 10-11-гадовага ўзросту адбудзецца ўжо ў сярэдзіне каляндарнай вясны. 16 красавіка пачнуцца спаборніцтвы ў рамках Дзіцячай футбольнай лігі Брэсцкай вобласці.
Каманды Брэстчыны раздзелены на тры занальныя падгрупы. Падгрупу, куды ўваходзіць і ляхавіцкая каманда, фарміруюць таксама калектывы з Бярозы, Баранавіч і Баранавіцкага раёна, Ганцавіч і Івацэвіч. Апошні ў гэтым пераліку горад і прыме занальныя гульні абласной дзіцячай лігі 16 і 30 красавіка, затым у маі. Па дзве лепшыя каманды кожнай з трох занальных падгруп працягнуць барацьбу на наступнай, прызавой стадыі.
Нагадаем, што адным з профільных для СДЮШАР Ляхавіцкага раёна відаў спорту з’яўляецца якраз такі футбол. Акрамя яго, школа рыхтуе лёгкаатлетаў, адзінаборцаў дзюдо, гандбалістаў.
– На сённяшні час на футбол ходзіць каля васьмі дзясяткаў дзяцей і падлеткаў. Узрост нашых выхаванцаў самы розны: ёсць як сямігадовыя пачаткоўцы, так і 15-гадовыя з амаль дарослай пастаноўкай гульні футбалісты. Ніякіх цяжкасцяў набору школа не адчувае. Ужо ёсць спісы кандыдатаў стаць пад набор гэтага года. Але не адмаўляем нікому і ніколі. Калі ласка, на футбол! – прызыўна завяршае гутарку Васілій Бут-Гусаім.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.