Наш агульны дом – крыніца міру і дабрыні

Такой вялікай колькасці наведвальнікаў, як у мінулую пятніцу, у ляхавіцкім кінатэатры «Кастрычнік» не было даўно. Нагода – святочная. На працягу дня тут праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які адзначаецца ў абедзвюх краінах-суседках 2 красавіка.

У першую палову дня ў кінатэатр завіталі школьнікі і навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа. А ў другой палове ўдзельнікамі святкавання сталі прадстаўнікі працоўных калектываў.
Даволі зацікаўлена і дарослыя, і падлеткі знаёміліся з выставай, якую да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі падрыхтавалі супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. З не меншым інтарэсам паглядзелі на вялікім экране тэматычны відэафільм.
Сімвалічна, што вядучыя святочных мерапрыемстваў былі апрануты ў народныя беларускія і рускія строі і вялі праграму і на рускай, і на беларускай мовах. У нашых народаў нямала агульных традыцый і памятных дат, нашы мовы сугучныя, а культуры блізкія і дарагія сэрцу. І такая непарыўная сувязь вельмі змястоўна была перададзена зразумелай для кожнага мовай песень, музыкі, танцаў. Асобныя выканаўцы і творчыя калектывы Ляхавіччыны чарговы раз прадэманстравалі  высокае майстэрства.
Заключным момантам урачыстасцей стаў прагляд фільмаў «Чырвоны прывід» і «Ржэў».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.