Музычная справаздача. Самадзейныя калектывы Ляхавіцкага раёна пацвярджалі званні «народны», «узорны»

Таленавітыя, самабытныя, адметныя – такія яны, творчыя калектывы Ляхавіччыны.

Любая канцэртная праграма, кожнае выступленне, незалежна ад таго, ладзяцца яны на вялікай сцэне, палявым стане ці пасярод сельскай вуліцы, заўжды суправаджаюцца гучнымі апладысментамі і ствараюць добры настрой як у слухачоў, так і ў саміх сама-
дзейных артыстаў. Такая папулярнасць дарагога вартая, бо любоў і адданасць гледача заслужыць вельмі цяжка. Таму артысты плённа працуюць над пашырэннем рэпертуара, жанравай разнастайнасцю, сцэнічнымі касцюмамі, аранжыроўкай твораў. Да кожнага выступлення – дасканалая падрыхтоўка. Немалая частка творчых калектываў Ляхавіцкага раёна мае статус «узорнага», «народнага». Але такое ганаровае званне не даецца раз і назаўжды. Праз пэўны час неабходна яго пацвярджаць. І з такой складанай задачай ляхавіцкія артысты спраўляюцца.
У апошнюю нядзелю сакавіка ў ГДК панавала творчая атмасфера. Перад прадстаўнічым журы, у складзе якога спецыялісты абласнога грамадска-культурнага цэнтра, самадзейныя калектывы раёна пацвярджалі званні «народны», «узорны». Акрамя таго, была прадстаўлена праграма – справаздача творчых калектываў. Права выступіць першымі выпала прэтэндэнту на ўдзел у конкурсе эстрадна-джазавай музыкі «Пружанскі блюз» у межах абласнога фестывалю сучаснага мастацтва «Эстрадны МІХ» – народнаму-эстраднаму ансамблю «Джаз-Арт» (кіраўнік Барыс Шабановіч) дзіцячай школы мастацтваў. Творчую эстафету ад калег пераняў народны ансамбль народных інструментаў «Водар» (кіраўнік Ларыса Муралава). У выкананні калектыву цудоўна гучалі і ўверцюра да аперэты, і папулярная музыка да кінафільмаў, і рамансы, і песні. Цудоўна гучаў кожны нумар у выкананні аркестра ГДК (кіраўнік Васілій Прадун). Нягледзячы на малады ўзрост, нямала прыхільнікаў у кавер-бэнда «Вясна» (кіраўнік Марыя Лутавінава). І іх сакавіцкае выступленне выклікала толькі самыя натхнёныя эмоцыі. А далей «запальваў», дарыў добры настрой народны клуб песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК (кіраўнік Таццяна Пішч).
Наступны этап – выступленне прэтэндэнтаў на ўдзел у абласным фестывалі сучаснага мастацтва «Эстрадны МІХ». Юная ляхавіцкая зорачка Лізавета Купрыш аднолькава пакарае вакальнымі данымі, калі спявае і эстрадныя, і патрыятычныя песні. Прыгожа, шчыра, узнёсла – гэта і пра нумары ў выкананні Аляксандры Абрамавай, Надзеі Русакевіч.
Дыяпазон, што прадэманстравала наша зямлячка Алеся Камская, сапраўды ўражвае. Артыстка плануе ўдзельнічаць у абласным музычным праекце «Дэбют з аркестрам».
Немагчыма ўявіць, якую аўдыторыю можа не пакарыць, не захапіць сваім талентам народная арт-група «ВІНС-акорд». І на гэты раз усе іх 12 нумароў суправаджаліся апладысментамі, за якімі глядацкая любоў, прыхільнасць і прызнанне.
Галіна КАНЬКО.