Навучэнка Малагарадзішчанскага ВПК у абласным конкурсе заваявала другое месца

У апошні дзень сакавіка ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці прайшоў другі этап рэспубліканскага конкурсу «Лідар года-2022». Ляхавіцкі раён прадстаўляла пераможца раённага тура навучэнка Малагарадзішчанскага ВПК Дар’я Наскавец.


Дар’я – актывістка школьнага жыцця з пачатковых класаў, зацікаўленая і адказная дзяўчынка, ініцыятар разнастайных добрых спраў, камунікабельная і вынаходлівая. Пасля перамогі на раённым этапе вельмі плённа рыхтавалася да выступлення ў Брэсце. Актыўна ў гэтым ёй дапамагала група падтрымкі: Ягор Пляшэвіч, Сняжана Саванчук, Алеся Патоцкая, Віталій Врублеўскі, Максім Рабцэвіч. А самы галоўны памочнік, кіраўнік і натхняльнік, старэйшы сябар – педагог-арганізатар Надзея Лапіч.
Менавіта такое паспяховае супрацоўніцтва паспрыяла выдатнаму выступленню Дар’і ў абласным фінале. Дзяўчынка так стыльна і запамінальна абараніла свой сацыяльны праект у блоку «Акадэмія праектавання», не менш вынікова справілася і з заданнем «Тік-Ток-партфоліа», паказала свае здольнасці падчас іспыту «Талент», дарэчы, у гэтым блоку надзвычай дапамагалі групы падтрымкі.
І вось ён, доўгачаканы момант – названы прозвішчы пераможцаў. Дар’я Наскавец заняла другое месца, усяго два балы саступіла ўладальніку першага месца.
Спадзяёмся, што наша юная зямлячка зможа ўзяць рэванш у фінале, які хутка пройдзе ў Мінску падчас святкавання стагоддзя піянерскага руху.
Галіна КАНЬКО.