В июне в суде г.Ляховичи было рассмотрено уголовное дело

Сёлета ў чэрвені ў судзе была разгледжана крымінальная справа ў адносінах Н., які прычыніў цяжкія цялесныя пашкоджанні Г. Чаму я вырашыў звярнуць увагу на гэта злачынства? Яно ўяўляе павышаную небяспеку як для грамадства, так і для чалавека.
…У адзін з сакавіцкіх дзён Г. і Н. раніцай з агульнымі знаёмымі сабраліся па месцы жыхарства ў в. Востраў. У час распіцця спіртнога канфліктных сітуацый не ўзнікала. Потым усе сабраліся адпачыць. Н. стаў спрачацца са сваёй сужыцелькай. У спрэчку ўмяшаўся Г., зрабіў заўвагу Н. Той схапіў нож і ўдарыў ім чалавека ў грудзі. Затым былі прабачэнні і просьбы не выклікаць міліцыю. Г. прабачыў і лёг на ложак.
Адзін са знаёмых, які быў у доме, пайшоў за спіртным і выпадкова сустрэў сваяка пацярпелага. Яму і расказаў пра тое, што здарылася. Толькі дзякуючы своечасова аказанай медыцынскай дапамозе, не наступілі непапраўныя наступствы для Г. Як вынікае з заключэння судова-медыцынскай экспертызы, у пацярпелага выяўлена пранікальнае раненне грудной клеткі з пашкоджаннем дыяфрагмы і печані.
У судзе абвінавачаны Н. прызнаў сваю віну поўнасцю, спасылаўся на вялікую колькасць выпітага. Дарэчы, пацярпелы і сведкі таксама не ўсё памяталі па гэтай жа прычыне. На пытанне, чаму ніхто не паведаміў у міліцыю і не выклікаў хуткую дапамогу, паступіў адказ: так рашыў пацярпелы.
Канфліктная сітуацыя ўзнікла практычна на роўным месцы, раптоўна і прывяла да сумных вынікаў з-за моцнага алкагольнага ап’янення.
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што пацярпелы, як і абвінавачаны, нідзе не працавалі. Застолле праходзіла ў панядзелак раніцай.
Нягледзячы на тое, што абвінавачаны поўнасцю прызнаў віну, а пацярпелы прасіў строга не караць Н., з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі і матываў учыненага злачынства, асобы абвінавачанага (злоўжывае спіртным, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, адмоўна характарызуецца, нідзе не працуе), дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў суду назначыць Н. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 4 гады.
Суд згадзіўся з дзяржаўным абвінаваўцам, а яшчэ прызначыў асуджанаму прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Н. абскардзіў прыгавор суда, прасіў зменшыць яму пакаранне. Аднак касацыяйная інстанцыя пакінула прыгавор у сіле.
Сяргей ДЗЯЖКО,
пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *