Умовы для бяспечнай сітуацыі. З пачатку года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 19 пажараў

З зарэгістраваных з пачатку года на тэрыторыі раёна 19 пажараў, па інфармацыі начальніка РАНС Юрыя Буйкевіча, толькі адно здарылася не ў жылым фондзе. У агні загінулі тры чалавекі, у тым ліку дзіця. 74 узгаранні адбылося ў экасістэмах на плошчы каля 18 гектараў. У большасці вогненных здарэнняў вінаваты чалавек. Як зрабіць больш эфектыўнай прафілактыку пажараў, ішла размова і на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
РАНС сумесна з ТЦСАН прымае дадатковыя меры па папярэджанні пажараў і гібелі людзей, стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці і аказвае неабходную дапамогу адзінокім і адзінока пражываючым пажылым людзям, інвалідам. Сярод такіх мер – устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Напрыклад, зараз, падчас прафілактычнай акцыі «Бяспека ў кожны дом» устройствы набываюцца за кошт сродкаў раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».
Спецыялісты ТЦСАН пры абследаванні пенсіянераў, непрацуючых грамадзян выдаюць ім тэматычныя буклеты па правілах пажарнай бяспекі, расказваюць, як дзейнічаць у надзвычайных выпадках і на што перш за ўсё звяртаць увагу, каб не апынуцца ў бядзе. На папярэджанне дзейнічаюць і назіральныя камісіі, створаныя пры сельвыканкамах і ў райцэнтры. З пачатку года з мэтай забеспячэння бяспечных умоў пражывання землякоў камісіі па ўсім раёне наведалі амаль тысячу домаўладанняў. Але абследаваць мала. Перад членамі назіральнай камісіі стаяць задачы садзейнічаць выпраўленню сітуацыі, адзначае начальнік РАНС. Юрый Буйкевіч канстатаваў, што ў некаторых сельсаветах назіральным камісіям неабходна актывізавацца. У справе забеспячэння бяспекі дробязяў не бывае.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.