Як з нічога нараджаецца нешта. У дзіцячым садзе №2 г. Ляхавічы прайшло моднае дэфіле «Нешта з нічога»

У дзіцячым садзе № 2 дашкольнікі добра ведаюць пра тое, што значная частка бытавога смецця – каштоўная другасная сыравіна, якая можа выкарыстоўвацца для вытворчасці новых рэчаў.

БОЛЬШ ФОТА Ў ГРУПЕ ГАЗЕТЫ Ў «АДНАКЛАСНІКАХ»

Паўторнае выкарыстанне паперы і пластыку, шкла і поліэтылену дапамагае захаваць прыроду, беражліва ставіцца да яе рэсурсаў. Экалагічнае выхаванне ў дашкольнай установе не дырэктыўныя настаўленні, як паасобна збіраць смецце і эканомна расходаваць паперу, а цікавыя гульні, пазнавальныя заняткі. А днямі тут прайшло тэматычнае дэфіле «Нешта з нічога».


Бэтман, малочная фея, ледзі Пак і ледзі Гага… – якіх толькі герояў не было ў праграме моднага паказу. Сапраўдны конкурс прыгажосці! Самы розны матэрыял, што часта ідзе ў сметнік, у руках рабят і іх бацькоў дзякуючы фантазіі пераўтварыўся ў арыгінальныя і адметныя касцюмы. Сукенкі і касцюмы з рознакаляровых фасовачных і пакетаў для смецця, газет, металічных накрывак, кардону і г. д. выглядалі не горш, чым з дарагой тканіны. А як упэўнена ў іх адчувалі сябе нашы юныя мадэлі. Прэзентацыю кожнага вобраза дашкольнікі пераўтварылі ў яркі нумар: танцавалі, расказвалі вершы, быццам сапраўдныя артысты. Адным словам, шоу прайшло на ўра!
Выхавальнік Алена Дыдышка разам з музычным работнікам Галінай Мароз арганізавалі для рабят сапраўднае свята, якое вучыць, выхоўвае і пакідае станоўчыя эмоцыі. Усё гэта дзейства адбылося ў межах комплекснага адукацыйнага праекта «Зялёныя школы», які фарміруе ў рабят гаспадарскае стаўленне да сваёй зямлі і ўменне зберагчы прыродныя багацці.
– Дзеля выхавання экалагічнай культуры нашых дашкалят стараемся прыдумаць такія формы навучання і гульні, каб атрыманая інфармацыя зацікавіла, запомнілася, была карыснай і каб рэсурсазберагальныя паводзіны прыжыліся і дома, і ў садку, – адзначае намеснік загадчыка дзіцячага сада Вікторыя Войцік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

БОЛЬШ ФОТА Ў ГРУПЕ ГАЗЕТЫ Ў «АДНАКЛАСНІКАХ»