Уручана стыпендыя ад прафсаюза навучэнкам Ляхавіцкага дзяржаўнага каледжа

У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы гэтых дзяўчат ведаюць усе. Навучэнка 4-га курса Кацярына Басалай — будучы аграном, трэцякурсніца Марына Курылік выбрала прафесію заатэхніка. Але пакуль яны наведваюць лекцыі і практычныя заняткі, удзельнічаюць у грамадскім жыцці ўстановы. Дзяўчаты маюць цвёрдыя перакананні: вучыцца — дык на выдатна, а актыўная жыццёвая пазіцыя — іх крэда. Кацярына і Марына — актыўныя ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці каледжа, члены клуба «Юнацтва»: пяюць — заслухаешся. А калі хочаш пазнаёміцца з экспанатамі гісторыка-краязнаўчага музея ЛДАКа, запрасі ў якасці экскурсаводаў гэтых навучэнак — атрымаеш вычарпальную інфармацыю. Дзяўчаты ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, пасяджэннях дыскусійных клубаў, шматлікіх акцыях. Здаецца, без іх удзелу не праходзіць ні адно мерапрыемства ў навучальнай установе.
…Сёлета на ўрачыстай лінейцы з нагоды пачатку новага навучальнага года для Кацярыны Басалай і Марыны Курылік быў падрыхтаваны сюрпрыз: старшыня прафкама навучэнцаў каледжа Ірына Брэус па даручэнні абкама прафсаюза ўручыла навучэнкам, а цяпер і стыпендыяткам абкама прафсаюза работнікаў АПК адпаведныя сертыфікаты. Дзяўчат павіншавалі і навучэнцы, і выкладчыкі каледжа.
Мікалай ВАЙЦЕШЫК,
старшыня райкама прафсаюза
работнікаў АПК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *