Ляхавічане разважаюць пра ролю жанчыны ў жыцці грамадства і не толькі

У жаночым форуме «Мір у надзейных руках» прынялі ўдзел і нашы зямлячкі. Адна з іх – старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга Бурак.
Яна падзялілася з «ЛВ» сваімі ўражаннямі і меркаваннямі:

– Форум яшчэ раз пацвердзіў, што нашы жанчыны сёння не проста захавальніцы сямейнага ачага, клапатлівыя маці і адказныя работніцы. Яны яшчэ і сур’ёзная грамадская сіла, якая здольна рэальна ўплываць на многія палітычныя і эканамічныя працэсы, настойліва адстойваць інтарэсы сваёй краіны, аб’ядноўваць людзей для карысных спраў, дабрачыннасці.
Прывітальны адрас удзельніцам жаночага форуму ад Прэзідэнта, які зачытала са сцэны старшыня Савета Рэспублікі Наталля
Качанава, гаворыць пра тое, што наша мерапрыемства не засталося незаўважаным на самым высокім дзяржаўным узроўні, што голас жанчын сапраўды чутны, і нашы справы патрэбны дзяржаве.
На форуме ўздымаліся вельмі сур’ёзныя пытанні. Мы гаварылі пра недапушчэнне фальсіфікацыі гістарычных фактаў і захаванне гістарычнай памяці, пра важнасць традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, пра гуманітарнае супрацоўніцтва і дыялог у імя міру, пра кансалідацыю грамадства для абароны інтарэсаў нашай дзяржавы – словам, пра тое, што ляжыць у аснове развіцця і працвітання, без чаго нельга пабудаваць паспяховы заўтрашні дзень нашай краіны.
Дэлегат ад Брэстчыны Святлана Цюга прадставіла на форуме свой праект пра жанчын – герояў Вялікай Айчыннай вайны «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Хвалююча, часам да слёз. Наша моладзь павінна ведаць такія рэчы! І на гэта таксама трэба актыўна працаваць у тым ліку Беларускаму саюзу жанчын, кожнай з нас.
Дарэчы, Ляхавіцкая раённая арганізацыя БСЖ сёння налічвае больш за 300 членаў. Літаральна за апошні час у арганізацыях раёна зарэгістраваны чатыры новыя пярвічкі. Гэта, безумоўна, не мяжа.
Тых, хто імкнецца актыўна пра-яўляць грамадзянскую пазіцыю, ганарыцца поспехамі Беларусі, зацікаўлены ў працвітанні краіны, вельмі многа. А разам мы, у прамым сэнсе слова, можам усё.