Нататкі пра няшчасныя выпадкі. Штогод 28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы

Ініцыятарам правядзення гэтай даты стала Міжнародная арганізацыя працы, а першыя ў яе рамках афіцыйныя мерапрыемствы адбыліся ў 2003 годзе.
Такім чынам, у 2022 годзе Сусветны дзень АП праходзіць ужо 20-ы раз. І што ні год, то свая тэма, адмысловы дэвіз, упор на рэалізацыю асноўных канцэпцый якога і робіцца на працягу ўсяго года.

Тэма мінулага года – «Прадбачыць крызіс і быць гатовым да яго – інвеставаць зараз у адэкватныя сістэмы аховы працы». А ў Сусветнага дня АП-2022 за аснову ўзята тэма культуры: агульнай, працоўнай, сацыяльнай, адносін паміж людзьмі і іншае. Яго дэвіз – «Агульнымі намаганнямі сфарміраваць пазітыўную культуру аховы працы». Тым самым і недвухсэнсоўна падкрэсліваецца важнасць сацыяльнага дыялогу, прыцягнення ўсіх зацікаўленых бакоў для фарміравання пазітыўных – культурных – адносін да пытання аховы працы.
Работа пачынаецца з працоўнага месца, якое павінна быць бяспечным, пад канкрэтныя задачы і ў адпаведнасці з патрабаваннямі гігіены арганізаваным, абсталяваным, «вытрыманым». На працоўным месцы з высокай культурай АП работнікі адчуваюць сябе камфортна, не схільны да парушэнняў тэхнікі бяспекі. Больш таго, актыўна рэагуюць на выпадкі, калі падобнае здараецца з іншымі, у іншых умовах ці месцах.
Сёння пытанне бяспекі на вытворчасці ва ўсім свеце ўспрымаецца як адно з найважнейшых у сферы працы. Работа, па-першае, павінна быць бяспечнай.
І толькі па-другое – з’яўляцца рэнтабельнай, прыносіць прыбытак.
Але, на жаль, траўматызм на вытворчасці ўсё яшчэ застаецца.
За перыяд з пачатку 2022 года
ў Рэспубліцы Беларусь на вытворчасці былі траўмаваны 369 чалавек, з іх 59 – у Брэсцкай вобласці. Але самае катастрафічнае, калі людзі губляюць на вытворчасці жыццё. Ужо ў гэтым годзе ў краіне з работы не вярнуліся 50 чалавек, кожны пяты з якіх з’яўляўся жыхаром Брэсцкай вобласці.
Як паказаў праведзены на розных узроўнях і этапах разбор палётаў,
многіх няшчасных выпадкаў на вытворчасці можна было пазбегнуць, паколькі большасць з іх адбылася па прычынах, выпраўленне якіх
не патрабуе ні сур’ёзных матэрыяльных укладанняў, ні трат працоўнага часу. Так, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы стала прычынай 9,7 працэнта выпадкаў траўмавання работнікаў
і 14,7 працэнта іх гібелі. Недахопы ў навучанні па пытаннях аховы працы, допуск пацярпелых да работы без правядзення інструктажу, стажыроўкі і праверкі ведаў па ахове працы – 7,7 і 12,4 працэнта адпаведна. Утрыманне ў нездавальняючым стане і недахопы
ў арганізацыі працоўных месцаў, эксплуатацыя няспраўных машын, механізмаў, абсталявання, вытворчай аснасткі, інструмента, транспартных сродкаў – 5,1 і 8,4 працэнта адпаведна. Мелі месца выпадкі прыцягнення да работы не па спецыяльнасці, што стала прычынай 1,8 працэнта няшчасных выпадкаў на вытворчасці і 1,1 – гібелі работнікаў.
Безумоўна, забяспечыць выкананне работнікамі патрабаванняў працоўнай і вытворчай дысцыпліны – задача, у першую чаргу, наймальніка. Але вельмі многае залежыць і ад саміх работнікаў. Як паказвае аналіз вытворчага траўматызму (а ён з’яўляецца рэгулярным і праводзіцца на розных этапах), парушэнне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, невыкананне нарматыўных прававых актаў, тэхнічных рэгламентаў, лакальных прававых актаў па ахове працы самімі работнікамі з’явілася прычынай 26 працэнтаў выпадкаў вытворчага траўматызму і больш як 15 працэнтаў выпадкаў гібелі на рабоце.
За чатыры месяцы бягучага года на вытворчасці Ляхавіцкага раёна былі траўмаваны тры работнікі.
Па няшчасным выпадку са смяротным зыходам, які меў месца ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» 16 сакавіка, канчатковыя высновы пакуль не зроблены, паколькі працягвае праводзіцца спецыяльнае расследаванне.
Няшчасны выпадак ад 21 студзеня ў СВК «Ляхавіцкі», у выніку якога лёгкую траўму атрымаў жывёлавод гаспадаркі, адбыўся па прычыне невыканання пацярпелым патрабаванняў інструкцыі па ахове працы.
Да цяжкай траўмы муляра ААТ «Шлях новы» прывяла нездавальняючая арганізацыя выканання разавых работ па мантажы і наладцы абсталявання малочнатаварнай фермы. Работы ажыццяўляліся без распрацоўкі неабходных тэхналагічных дакументаў, якія б змяшчалі патрабаванні тэхнікі бяспекі, спосабы і метады іх вядзення. Абавязковыя ў такіх сітуацыях мэтавы інструктаж работнікаў і праверка ў іх ведаў па пытаннях аховы працы праведзены не былі. Вынік – чалавек застаўся без чатырох пальцаў рукі.
Нагадаем, што ў мінулым годзе ў раёне адбылося чатыры няшчасныя выпадкі на вытворчасці. А сёлета – тры ў красавіку. Таму – веды і жалезная дысцыпліна. У максімальна шырокім сэнсе слова, на ўсіх этапах і ад кожнага з удзельнікаў вытворчага працэсу – ад «генеральных» да «радавых».

Іван КАВАЛЕНКА.