Свята з працоўнай гісторыяй. У Ляхавічах адзначылі Першамай

Май у Беларусі пачынаецца Днём працы. Традыцыйна ў гэта свята ладзяцца разнастайныя канцэрты, акцыі, праграмы, мэта якіх – ушанаванне прадстаўнікоў розных прафесій, якія кожны на сваім працоўным месцы ўносяць важкі ўклад у развіццё свайго прадпрыемства, раёна, краіны. Каторы год запар раённае аб’яднанне прафсаюзаў ладзіць першамайскае свята ў нашым раёне.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Мы ганарымся дасягненнямі землякоў, незалежна ад таго, вучаць яны ці лечаць, шчыруюць у сельскай гаспадарцы ці прамысловасці, стаяць на варце правапарадку ці спраўляюцца з надзвычайнымі сітуацыямі, клапоцяцца пра камунальны камфорт ці ствараюць прыгажосць. Прафсаюзы на працягу сваёй больш чым 115-гадовай гісторыі існавання побач з чалавекам працы і не толькі адстойваюць яго інтарэсы, але  і стараюцца падтрымаць, ушанаваць. З гонарам скажу: прафсаюзы былі і застаюцца самымі масавымі арганізацыямі працуючых. І сёння прафесійныя саюзы, аб’яднаныя ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, надзейна прадаўжаюць слаўныя традыцыі папярэднікаў. Ляхавіцкія пярвічкі не выключэнне, – расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
У першы дзень мая надвор’е па-сапраўднаму парадавала ляхавічан. Сонейка надало прыбранаму ўтульнаму парку па вуліцы Дзесюкевіча яшчэ больш святочнасці.


На праграму «Мы – беларусы» сабраліся прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Ляхавіччыны, ветэраны працы, многія землякі прыйшлі сем’ямі. Шчыра вітала ўсіх і віншавала са святам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая падкрэсліла, што праца кожнага з нас з’яўляецца асновай дабрабыту самога грамадзяніна і ўсёй краіны. Святлана Юрлевіч уручыла граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў адным з лепшых прадстаўнікоў Ляхавіччыны працоўнай.
Прафсаюзны лідар раёна Тамара Пракап’юк перадала прафсаюзныя ўзнагароды актыўным, неабыякавым, мэтанакіраваным землякам, сярод якіх нямала прафсаюзных актывістаў. Апладысменты гучалі і ў адрас работнікаў аграрнай галіны, вялікай настаўніцкай сям’і і іншых галін народнай гаспадаркі. Сваіх актывістаў віталі, віншавалі, уручалі падарункі старшыні раённых галіновых прафсаюзных арганізацый.
А колькі музычных падарункаў адрасавалі ўдзельнікам свята выканаўцы і калектывы мастацкай самадзейнасці. Атрымалася сапраўды прыгожа і цікава.
Як заўжды, запамінальнае выступленне – майстар-клас ад супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Захавалася і яшчэ адна традыцыя: 1 мая адкрыўся чарговы сезон атракцыёнаў у парку адпачынку.
А вечарам святочную эстафету падхапіла ляхавіцкая моладзь, якая запальвала на дыскатэцы «Маладосць і май».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.