Добрае слова паштавікам. Ляхавічанка атрымала нагрудны знак «Ганаровы работнік сувязі Беларусі»

Ветліва сустрэнуць, прафесійна абслужаць, шчыра параяць, добра падкажуць. Такія адносіны да кліентаў у аддзяленнях паштовай сувязі – гарадскіх і вясковых.

Паштавікі клапоцяцца, каб атрымальнікам паслуг было камфортна, стараюцца задаволіць іх пажаданні і ўлічыць запатрабаванні.
У «веснікаўцаў» асаблівыя адносіны да паштавікоў. Яны – нашы надзейныя памочнікі, партнёры. Дзякуючы ім па серадах і суботах спяшаецца па больш чым чатырох тысячах адрасоў «Ляхавіцкі веснік». Гэта вы, шаноўныя паштальёны, за дзень накручваеце не адзін дзясятак кіламетраў, каб парадаваць землякоў добрымі навінамі, прынесці чаканую вестачку ці проста пагаварыць. Неаднойчы чуюць у свой адрас словы падзякі аператары аддзяленняў, яны за рабочую змену прымаюць і выдаюць не адзін дзясятак адпраўленняў, займаюцца падпіскай, выплачваюць пенсіі і г. д.
– У Ляхавіцкім раёне сёння працуе 21 аб’ект паштовай сувязі, з якіх адзін – у райцэнтры, а таксама адзін перасоўны. Канешне, асаблівая ўвага на нашы традыцыйныя паслугі: адправіць пісьмо, паштоўку, пасылку ці грашовы перавод, аформіць падпісны абанемент на газеты, часопісы. Але апошнім часам да гэтых паслуг дабавілася нямала новых: аплата камунальных паслуг, крэдытаў, продаж спадарожных тавараў, дастаўка заказаў рознай прадукцыі з інтэрнэт-магазінаў і шмат чаго іншага. Сярод апошніх навінак – нацыянальная паштовая электронная сістэма, атрыманне паштовых адпраўленняў па смс-кодзе без прад’яўлення пашпарта і іншыя. Як бы ні мяняліся і ўдасканальваліся тэхналогіі, па-ранейшаму галоўныя дзеючыя асобы надзейнай сувязі – паштовыя работнікі: адказныя, уважлівыя і добра-
зычлівыя, актыўныя, – адзначае начальнік Баранавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Вольга Арэхва.
На Ляхавіччыне разнастайныя паштовыя паслугі аказваюць амаль 80 работнікаў. Многія з іх даўно і плённа працуюць у паштовай галіне. Заўжды ўважлівая да наведвальнікаў, акуратна абслугоўвае і выконвае ўсе заяўкі начальнік аддзялення сувязі аграгарадка Востраў Галіна Макарава.
На змену пісьмам і паштоўкам даўно прыйшла электронная пошта, але па-ранейшаму сустрэча з паштальёнам для многіх
з нас жаданая і радасная. Гэта па праве можна аднесці да вопытнага паштальёна аддзялення сувязі Малое Гарадзішча Ніны Кулак, якая ў сваёй усёўмяшчальнай сумцы прыносіць адрасатам лісты і паштоўкі, свежую перыёдыку, дастаўляе пенсіі, выконвае заказы на разнастайныя тавары.
– У нашых падраздзяленнях нямала выдатных прафесіяналаў, майстэрства якіх адзначана на самым высокім узроўні. Нядаўна старшы інструктар-інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях Тамара Булатая (на здымку), якая ў прафесіі 35 гадоў, удастоена адзнакі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі – атрымала нагрудны знак «Ганаровы работнік сувязі Беларусі». Дастойная ўзнагарода вопытнаму майстру сваёй справы, – адзначае Вольга Арэхва.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.