Працаваць добра!

«Мы славім чалавека працы!» – такая акцыя напярэдадні 1 Мая стартавала на Брэстчыне па ініцыятыве праўлення абласнога аддзялення Беларускага фонда міру. Далучыўся да яе і Ляхавіцкі раён, дзе жывуць працавітыя і верныя сваёй справе людзі.

Ларыса Юшкевіч уручае ўзнагароду Святлане Палуян.
Сяргей Кісель.

Сярод такіх і намеснік галоўнага бухгалтара ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Святлана Палуян, і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ «Нача» Сяргей Кісель. За добрасумленную працу, дасягненне вытворчых паказчыкаў у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна яны адзначаны Падзякай Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру.
Святлана Палуян з тых, хто любіць сваю работу і заўсёды кіруецца прынцыпам «працаваць трэба добра». «Стасункі» з лічбамі прыносяць ёй задавальненне. Адзначае, што па-іншаму нельга: прадукцыя прадпрыемства саграе дамы людзей, а, значыць, у нейкай ступені ТБЗ садзейнічае ўмацаванню міру і згоды.
Сяргей Кісель – таксама прадстаўнік самай мірнай прафесіі – працуе на зямлі. На трактары «Беларусь» механізатар садзіць і капае бульбу, прасуе салому і сена, апрацоўвае палі хімікатамі і г. д. Трэба – і адрамантуе свайго жалезнага сябра. Адным словам – на ўсе рукі майстар.
– Чалавек славіцца не словамі, а працай. Таму заўсёды прыемна ўручаць узнагароды і падарункі лю-дзям, якія садзейнічаюць росквіту нашага краю, умацоўваюць мір. Такіх цудоўных землякоў, зацікаўленых прафесіяналаў, якія ўмеюць аддана працаваць, у раёне многа. Шчыры дзякуй ім за працу! – адзначае старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Ларыса Юшкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.