Жніво — справа сямейная

Генадзій і Марта Граблюкі (СВК «Ляхавіцкі»).

Калі напярэдадні мінулагодняга жніва перад старшым камбайнерам СВК “Ляхавіцкі” Генадзіем Граблюком паўстала пытанне, каго ўзяць сабе ў памочнікі, доўга не вагаўся. Дачка Марта выдатна справіцца з роляй камбайнера! Тым больш яна — студэнтка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, будучы юрыст — якраз на канікулах. На прапанову бацькі Марта згадзілася адразу. Успамінае, як хвалявалася. Але была цвёрда ўпэўнена, што бацька заўсёды дапаможа, падтрымае, падкажа. Вось ужо другі год запар сямейны экіпаж Граблюкоў у жніво выходзіць на ўраджайную хлебную ніву “Ляхавіцкага”. На сёлетняй уборачнай Марта была не адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы чалавецтва. Разам з бацькам – старшым камбайнерам Іосіфам Ламаносам – на палетках ЗАТ “Белпрампрыбор” шчыравала і яго дачка Алена.

Сяргеі Асланяны (СВК «Ляхавіцкі»).

Не першы ўборачны сезон на камбайне КЗС-1218 паспяхова і адказна працуе яшчэ адзін экіпаж “Ляхавіцкага” – бацька і сын Сяргеі Асланяны. Дарэчы, менавіта Граблюкі і Асланяны сёлета першымі сярод сямейных экіпажаў на Ляхавіччыне перасягнулі тысячную мяжу ў намалотах. Добрасумленна працаваў і экіпаж Алейнікавых – сын Сяргей і бацька Уладзімір.
Усяго на палеткі раёна штодзённа ў гарачую жніўную пару выводзілі свае магутныя машыны 14 сямейных экіпажаў (найбольш у СВК “Жарабковічы” (5) і “Ляхавіцкі” – (3).
Разважаючы пра сямейную жніўную справу, нельга не ўзгадаць і СВК “Шлях новы”. Упэўнена адчуваюць сябе на палях сямейныя экіпажы бацькоў і сыноў старшых камбайнераў Аляксандра Камінскага і Аляксандра Цімашка і камбайнераў Сяргея Камінскага і Сяргея Цімашка. Аляксандр і Міхаіл Дзядовічы — браты. А на рабоце, можна сказаць, сапернікі: абодва старшыя камбайнеры віртуозна кіруюць сваімі КЗС-1218. Іх намалоты — адны з самых важкіх у гаспадарцы.

Браты Аляксандр і Міхаіл Дзядовічы (СВК «Шлях новы»).

На жніўных палетках ДП “Нача” сямейныя дынастыі таксама задаюць тон уборачнай. З чатырох, задзейнічаных на жніве камбайнаў, на двух – сямейныя экіпажы. Побач са старшым камбайнерам Аляксандрам Шастаком працаваў цесць Уладзімір Дыдышка. Плячо да пляча па намалоце ішоў яшчэ адзін начаўскі экіпаж у складзе братоў Васюкевічаў. Віталій, хоць і малодшы, але – старшы камбайнер. А Сяргей, як і ў папярэднія гады, на час уборачнай з жывёлавода перакваліфікаваўся ў камбайнера. Бацька і сын Наумікі – два Мікалаі, Анатолій і Іван Петухі, Канстанцін і Андрэй Дзянішчыкі, Генадзій і Яўгеній Калбаса, Сяргей і Раман Турко выдатна спрацавалі на сёлетнім жніве ў СВК “Жарабковічы”. У СВК “Дарава” жніво – справа гонару для Яўгенія і Віталія Курылікаў.
Стала добрай традыцыяй: дапамога падчас жніва на палетках родных гаспадарак прыносіць першыя самастойна заробленыя грошы і, гэта не менш важна, радасць і задавальненне юным памочнікам – школьнікам. Расце дастойная змена сённяшнім уладарам сяла – руплівым, шчырым, працавітым.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Генадзій і Яўгеній Калбаса (СВК «Жарабковічы»).

Мікалаі Наумікі (СВК «Жарабковічы»).

Сяргей і Віталій Васюкевічы (ДП «Нача»).

Сын і бацька Камінскія (СВК "Шлях новы")

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *