Дарога Мікалая Лойкі з СВК «Канюхі»

Вадзіцель Мікалай Лойка

Невялікая гаспадарка займаецца авечкагадоўляй. Але хлебаробская справа тут заўсёды была і застаецца ў пашане.
Сёлета ў СВК «Канюхі» было пасеяна 453 гектары збожжавых і 160 гектараў рапсу. І сяўба ў аптымальныя тэрміны, і догляд за пасевамі, і поўная запраўка глебы арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі садзейнічалі таму, што ўзышла збажына дружна, наліліся шчодрай спеласцю каласы. На ніву выйшлі 2 экіпажы зернеўборачных камбайнаў: Іван Чушаль і Дзмітрый Лепяшко, браты Мікалай і Іван Байчыкі. Прыгожа працавалі, дружна, стараліся не дапусціць страт. Адвозілі зерне на дасушванне і складаванне Мікалай Лойка і Іван Качан.
Мікалай перавёз 2292 умоўныя тоны хлеба. Ён вельмі стараўся: не звяртаючы ўвагі на гарачыню, пыл, імчаў насустрач сваёй працоўнай перамозе. Па выніках спаборніцтва на жніве Мікалай Лойка стаў лепшым не толькі сярод вадзіцеляў раёна, яго вынік — другі ў вобласці!

Экіпаж: Іван Чушаль і Дзмітрый Лепяшко.

Гэтая вестка на крылах прыляцела ў вёску. Мікалая віншавалі і родныя, і калегі па працы. Міжволі сталі ўспамінацца пражытыя гады, шляхі-дарогі, якія прывялі яго ў гаспадарку. Пасля заканчэння Начаўскай СШ падаўся ў Навамышскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча: механізатар-хлебароб — гэта прафесія яго вабіла заўсёды. Пасля была служба ў арміі і, як ва ўсіх маладых людзей, магчымасць паехаць далёка ад дому.
Але прыцягненне роднай зямлі пераважыла: ён вярнуўся ў Канюхі, дзе яго чакала матуля. Спачатку працаваў на трактары, пасля на аўтамабілі. Колькі дарог скалясіў, і сам не палічыць. Калі ж наступаў час уборачнай кампаніі, Мікалаеў МАЗ, здавалася, без перапынку ездзіў з поля на зерняток і назад…
Можна сказаць, звычайны вясковы мужчына, які аднойчы і назаўсёды выбраў сабе жыццёвую дарогу, тую, па якой ішлі яго бацькі-хлебаробы.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *