З першага дня ўборачнай кампаніі ў Ляхавіцкім раёне гружаныя зернем машыны трымалі курс на збожжапрыёмны пункт: выкананне дзяржзаказу — закон

Як і разлічвалі, сёлета ў гаспадарках раёна добра ўрадзіў піваварны ячмень, таму найперш прыступілі да выканання дзяржзаказу на пастаўку гэтай збажыны. Найбольшае заданне — 500 тон — належала выканаць СВК «Жарабковічы». Гаспадарка адгрузіла 619 тон — 123,8 працэнта да задання. На 170,7 працэнта выканалі сваё заданне хлебаробы СВК «Тальмінавічы», на 150,5 — СВК «Канюхі», а ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» прадаў дзяржаве піваварнага ячменю ў 3,5 раза больш задання. Такім чынам, наш раён стаў адным з першых, хто рэалізаваў піваварны ячмень у лік дзяржзаказу, прычым, адпраўлена элітнага зерня на 37,2 працэнта звыш задання.
Адначасова гаспадаркі раёна вялі продаж пшаніцы, жыта і ячменю. І зноў сярод першых — хлебаробы СВК «Жарабковічы», «Шлях новы», «Канюхі», «Ляхавіцкі», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». З самага ранку машыны з грузам адпраўляліся на хлебапрыёмны пункт, каб зноў вярнуцца пад загрузку — за дзень па некалькі рэйсаў.
СВК «Жарабковічы», «Шлях новы», «Ляхавіцкі» прадалі дзяржаве зерня значна больш іх асабістага задання. Такім чынам, раён адправіў у засекі дзяржавы 10974 тоны пшаніцы, 1096 тон жыта, 431 тону ячменю і выканаў заданне па продажу на 102 працэнты без уліку крупяных культур і кукурузы.
Прымай, краіна, ляхавіцкі хлеб!
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *