Жніво: суб’ектыўны фактар

4 ліпеня для хлебаробаў ЗАТ «Белпрампрыбор» стала своеасаблівым экзаменам — стартам жніва. І хоць прадпрыемства спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, сёлета яно першым у раёне прыступіла да адказнай сельскагаспадарчай кампаніі. На 863 гектарах шчыравалі 4 камбайнерскія экіпажы, у расклад дня якіх надвор’е ўпарта ўносіла свае карэктывы. І толькі старанне і працавітасць людзей, іх клопат пра вырашчаны ўраджай забяспечылі ўборку без страт, у тэрмін і сваімі сіламі. У выніку агульны намалот склаў 2934 тоны пры ўраджайнасці 34 цэнтнеры з гектара. У параўнанні з іншымі сельгас-прадпрыемствамі лічба не надта ўразлівая, але, улічваючы не асабліва ўрадлівыя мясцовыя палеткі, — прыстойная. Экіпаж Міхаіла Зубіка і Дзмітрыя Патапчыка на камбайне КЗС-1218 намалаціў 1101 тону збожжа (у пераліку на ўмоўны камбайн 925 тон). Вызначыліся вынікам работы і іх калегі Аляксандр Дубіна і Сяргей Калядзіч. Спяшаўся адвезці намалочанае на зернеачышчальны комплекс вадзіцель МАЗа Валерый Вайцешык. На яго рахунку — 1156 умоўных тон перавезенага збожжа. Зерняток працаваў без перапынку. Гэта забяспечвалі аператары Вячаслаў Мішкевіч і Аляксей Максімчык. Ужо каторы год, як прадпрыемства ўстанавіла зернеачышчальны комплекс PRT-200, прадукцыйнасць якога дазваляе перапрацоўваць збожжа за светлавы дзень.
Сельскагаспадарчы вы-творчы кааператыў «Тальмінавічы » реалізаваў дзяржаве піваварнага ячменю 170,7 працэнта да задання. Экіпаж Станіслава Шпака і Івана Шпака намалаціў трэцюю частку ўсяго збожжа гаспадаркі. Прычым, Іван — не прафесійны хлебароб, а настаўнік мясцовай школы.
У «Ліпнянцы» маладыя працаўнікі стараюцца не ўступаць вопытным камбайнерам. Маладзёжны экіпаж Аляксандра Салодкага і Івана Буйкевіча мае на сваім рахунку 32 працэнты ад намалочанага ў СВК збожжа.
Важкі ўклад у агульны каравай СВК «Востраў-Агра» ўнёс экіпаж Віктара Зубіка і Віталія Жарскага. 38,5 працэнта сабранага ў сельгаскааператыве зерня — іх праца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *