Нам гэты мір завешчана берагчы. На Ляхавіччыне прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя 77-й гадавіне Вялікай Перамогі

І зноў па планеце крочыць май у аздабленні бела-ружовай квецені садоў і цудоўных святаў, сярод якіх самае галоўнае – Дзень Перамогі. Сівы старэнькі ветэран і 18-гадовы юнак у салдацкай гімнасцёрцы, нязгаснае полымя вечнага агню і трагічна-хвалюючая хвіліна маўчання, кветкі і вянкі да помнікаў і брацкіх магіл, шчырыя віншаванні і пажаданні мірнага жыцця і стваральнай працы – усё гэта ён, Дзень Перамогі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ


9 мая 2022 года. Як і ўся краіна, урачыста, узнёсла з вялікай любоўю Ляхавіччына святкавала Дзень Перамогі.
Але ўрачыстасці пачаліся задоўга да 9 мая. На плошчы Перамогі ў райцэнтры 8 мая адбыўся мітынг. Да помніка загінулым воінам Савецкай Арміі ўскладзены гірлянды, вянкі, кветкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў, сённяшніх абаронцаў Айчыны.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што Дзень Перамогі для кожнага беларуса стаў святам павагі і ўдзячнасці тым, хто выстаяў і перамог фашызм, бо няма ў нашай краіне такой сям’і, якую б не закранула вайна, што Беларусь помніць, якой цаной заваявана права жыць у суверэннай краіне, і як важна ў сённяшняй складанай палітычнай сітуацыі зберагчы мір.

Ад імя моладзі слова трымала навучэнка СШ № 1 Ангеліна Саўчык, якая запэўніла, што юнакі і дзяўчаты шануюць памяць пра гераічны подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне і зробяць усё магчымае для захавання міру ў Беларусі.
Ушанавалі подзвіг народа марафонам памяці ў кожным сельсавеце, каля помнікаў і абеліскаў праведзены мітынгі, велапрабегі.
9 мая асноўныя святочныя падзеі адбыліся на свяшчэнным месцы – Кургане Славы, дзе 81 год назад у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны прайшлі жорсткія баі з фашыстамі. Сёлета пачаліся работы па абнаўленні гэтага памятнага месца, у тым ліку і за сродкі, заробленыя землякамі на суботніку. Задоўга да пачатку ўрачыстасцей да Кургана Славы ішлі землякі, каб сказаць дзякуй загінулым у барацьбе з ворагам дзеля міру і незалежнасці краіны.
Кранаюць душу шчымлівыя словы вядучых, светлая мелодыя напаўняе сэрца адначасова радасцю і смуткам. Мітынг-рэквіем «Рэха вайны ў памяці сэрцаў» пачаўся традыцыйным ускладаннем да Кургана Славы вянкоў і кветак. Да землякоў, гасцей Ляхавіччыны са словамі віншаванняў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Ён падкрэсліў, што свята Вялікай Перамогі – асаблівае, шчымліва-трапяткое, узрушана-натхнёнае, радаснае і са слязамі на вачах, а подзвіг народа, які выратаваў свет ад фашызму, ніколі не згасне, ён занесены залатымі літарамі ў летапіс краіны.
Землякоў шчыра павіншаваў і старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч: няхай ніколі, нідзе не паўтараецца вайна, няхай неба заўжды будзе мірным!
Размераныя гукі метранома аб’явілі хвіліну маўчання – хвіліну памяці тых, чые прозвішчы вядомыя, і невядомых герояў. Рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае» знайшла водгукі і ў сэрцах ляхавічан. Дарослыя і дзеці з партрэтамі сваіх родных і блізкіх – удзельнікаў Вялікай Айчыннай, якіх ужо няма ў жывых, – сталі ў адны рады. Стасевіч, Сяргей, Равяка, Гатоўчыц, Буйкевіч, Столяр, Валуй, Свірыд, Яфімовіч… і яшчэ дзясяткі салдатаў той вайны, вобразна кажучы, прынялі ўдзел у мітынгу ў гонар Перамогі праз 77 гадоў пасля заканчэння вайны.
Усе разам, быццам на машыне часу, вярнуліся ў вогненныя саракавыя гады мінулага стагоддзя.
Кожны сюжэт, кожная старонка канцэрта-тэатралізацыі напоўнены непамерным болем за тых, хто быў у пекле Вялікай Айчыннай вайны, хто загінуў і хто выжыў.
А слёзы на вачах многіх гледачоў – таму пацвярджэнне. Як заўжды, феерычна з паказальнай праграмай выступілі сённяшнія абаронцы Радзімы – разведвальна-дэсантная група 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантнай штурмавой брыгады. Мноства жадаючых было паглядзець на выставу тэхнікі і зброі. Не меншую цікавасць выклікалі спартыўныя спаборніцтвы, выставы народных майстроў з устаноў культуры раёна. Хапала забаў і для дзятвы. Пастаралася райпо – было што купіць, дзе пасядзець і адзначыць свята.
Вечарам святкаванне прадоўжылася на гарадской плошчы Леніна.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.