Музычная справаздача. Кожны справаздачны канцэрт Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў заслугоўвае дружных апладысментаў

Кожны справаздачны канцэрт Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў заслугоўвае асаблівай увагі.
Юныя зорачкі з году ў год дасягаюць новых мастацкіх вышынь і гэтым дзеляцца з тымі, хто прыходзіць на іх канцэрты.

Больш фота тут

Аддзяленні школы мастацтваў дазваляюць таленавітым хлопчыкам і дзяўчынкам развівацца ў выбраным накірунку эфектыўна і вынікова. Што і пацвярджаюць выхаванцы школы сваімі перамогамі ў конкурсах рознага маштабу.
Сёлетні красавіцкі канцэрт ізноў зачараваў прысутных арыгінальнасцю і прафесіяналізмам. Як жа ўмела яны зліваюць у адзіную мелодыю сугучча самых розных інструментаў, перадаюць лірычна-ўзнёслы настрой або энергію аўтарскай задумкі. Эксперыментуюць і не баяцца рабіць выклікі мастацтву. Запаланіў залу сваім яскравым выкананнем любімы «Водар» – калектыў, вядомы не толькі на прасторах Ляхавіччыны.
А пасля на сцэне выступалі рабяты, якія здзіўлялі вакальнымі данымі, харэаграфічным майстэрствам, прафесійным валоданнем інструментамі. Калі на сцэне настаўнік і вучні, атрымліваецца тандэмная творчасць, дзе спалучаюцца давер і адкрытасць, шчырасць і настаўніцтва.
Як заўжды, стварыла настрой «Вясна». Калектыў малады, але паспеў набраць абароты папулярнасці. Кавэр-бэнд дае новае жыццё шлягерам, прымушае гучаць па-іншаму.
Словы падзякі таленавітым вучням за старанні і любоў да мастацтва, педагогам, якія вучаць свету прыгажосці і, канешне, спонсарам, якія дапамагаюць развівацца і падтрымліваюць маладыя таленты, выказала дырэктар ДШМ Марыя Лутавінава. У гэты дзень на сцэну
паднімаліся прадстаўнікі малочнага завода і ТАА «Скандынавія Кансалт» за заслужанай узнагародай – падзячныя пісьмы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за аказаную спонсарскую дапамогу школе мастацтваў цяпер у скарбонцы прадпрыемстваў.
У зале таксама свая атмасфера. Асаблівае і галоўнае журы, безумоўна, мамы і таты, бабулі і дзядулі, брацікі і сястрычкі, якія прыйшлі падтрымаць сваіх родных.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.