Прыгавор вынесены. Суд Ляхавіцкага раёна вынес абвінаваўчы прыгавор па крымінальнай справе

Суд Ляхавіцкага раёна 19 красавіка вынес абвінаваўчы прыгавор па крымінальнай справе ў адносінах  жыхара в. Малое Гарадзішча, па якім ён прызнаны вінаватым у замаху на наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), пры гэтым злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад яго абставінах, у злачынстве, прадугледжаным часткай 1 артыкула 14 і часткай 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса. Абвінавачванаму жыхару раёна прызначана пакаранне ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Як было ўстаноўлена, ён па месцы жыхарства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і падчас канфлікту, які ўзнік з-за асабістых непрыязных адносін з сынам, наўмысна нанёс таму нажом цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця,
а таксама лёгкія цялесныя пашкоджанні. Пацярпелы пры гэтым аказваў актыўнае супраціўленне.
Абвінавачваны ў зробленым не раскаяўся, віну не прызнаваў, не адмаўляў, што менавіта ён прычыніў сыну цялесныя пашкоджанні, аднак спасылаўся на адсутнасць намеру на забойства, указваў, што цялесныя пашкоджанні нанёс, каб абараніць сябе. Пацярпелы не настойваў на строгім пакаранні.
У дачыненні жыхара Тухавічаў вынесены абвінаваўчы прыгавор 21 красавіка па частцы 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконнае набыццё, перавозка, нашэнне і захоўванне боепрыпасаў, акрамя боепрыпасаў  да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі) і па частцы 3 артыкула 295 за паўторнае ўчыненне.
Нягледзячы на ​​станоўчую характарыстыку, дадзеную абвінавачванаму, наяўнасць на яго ўтрыманні малалетніх дзяцей, пры прызначэнні пакарання суд зыходзіў з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненых злачынстваў, матываў і мэт учыненага, асобы вінаватага, сацыяльнай небяспекі і значнасці ўчыненага.
Тухавічанін быў узяты пад варту ў зале суда. Па сукупнасці злачынстваў яму назначана два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, без дадатковага пакарання – штрафу.
Абодва прыгаворы ўступілі ў законную сілу.

Таццяна ЖЭРКО, старшыня суда  Ляхавіцкага раёна.