Перамога пад барабанны пошчак. На абласным фестывалі- конкурсе ляхавіцкія барабаншчыцы заваявалі дыплом І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама

Вось яны ўзначальваюць святочную калону на агульнараённым піянерскім зборы. А гэта пад пошчак барабанаў дэфіліруюць на плошчы Перамогі. У іх адрас гучаць апладысменты, калі ідзе выступленне на гарадскім стадыёне, без іх нельга ўявіць і ўрачыстасці на Кургане Славы, прымеркаваныя да Дня Перамогі. Можна доўга пералічваць мерапрыемствы, якія па-сапраўднаму ўпрыгожваюць сваімі выступленнямі на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў ляхавіцкія барабаншчыцы – выхаванкі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Дзесяць гадоў назад быў створаны ансамбль барабаншчыц, дзяўчынкі-старшакласніцы гарадскіх школ аб’ядналіся ў каманду «Вярціга».
– Калектыў «Вярціга» створаны на базе аб’яднання па інтарэсах «Аэробіка», якім кіруе вопытны педагог Таццяна Герус. Яна лёгка знаходзіць агульную мову з падлеткамі, разам яны падбіраюць музыку, адпрацоўваюць праграмы. Увогуле, каманда дружная, тут заўжды творчая атмасфера. Напэўна, таму кожнае іх выступленне такое разнапланавае і непадобнае на папярэднія, – адзначае дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік.


Напачатку мая на Брэстчыне прайшоў абласны фестываль-конкурс «У адзіным рытме», прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Ляхавіцкая каманда падрыхтавала кампазіцыю-выступленне па матывах знакамітай песні «Дзень Перамогі».
Страявая зладжанасць, сінхроннасць дзеянняў, складанасць і разнастайнасць элементаў, у тым ліку павароты на месцы і ў руху, арыгінальнасць выканання элементаў, эмацыянальнасць, выканальніцкае майстэрства, стыль і кампазіцыйнасць, уменне камандзіра-саліста правільна і дакладна даваць каманды, а астатніх удзельнікаў іх выконваць – усё гэта прысутнічала ў нумары «Вярціга». А каб выступленне атрымалася паспяховым і феерычным, спатрэбіліся гадзіны падрыхтовак і мноства рэпетыцый. Але дзяўчаты – малайцы! Пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка Таццяны Герус выдатна справіліся з пастаўленай задачай. «Вярціга» стала ўладальніцай дыплома І ступені ў намінацыі «плац-канцэрт».
– Канешне, хваляваліся. Конкурс праводзіцца ўпершыню, і канкурэнты прадставілі цікавыя праграмы. Таму перамога яшчэ прыемней. Ганаруся дзяўчатамі, якія сапраўды выступілі дастойна і прадэманстравалі выключнае майстэрства, – расказвае Таццяна Герус.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.