Лепшы кіраўнік – з «Ляхавіцкага». Сярод лепшых кіраўнікоў у сферы АПК па версіі абласнога аграпрамысловага саюза – і нашы землякі

Штогод абласны аграпрамысловы саюз падводзіць вынікі конкурсу «Лепшы кіраўнік АПК».
І амаль пастаянна сярод пераможцаў і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. 2022 год не стаў выключэннем. Сярод лепшых кіраўнікоў у сферы АПК Брэстчыны – дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Емяльяненка і старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Сёння «ЛВ» раскажа пра аднаго з іх – Івана Вітко (на здымку).

На ўсю Брэстчыну чарговы раз прагучала прозвішча Вітко. Працоўную эстафету ўзнагарод і прызнання ад бацькі – заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі, нязменнага на працягу больш як трох дзесяцігоддзяў старшыні аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны Аляксандра Вітко – пераняў яго сын Іван.
Напрыканцы мінулага тыдня ў Брэсцкім раёне ўшаноўвалі лепшых кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу з усёй Брэстчыны. Мерапрыемства сабрала кіраўнікоў-аграрыяў, якія з году ў год выдатна спраўляюцца з даведзенымі заданнямі, умеюць згуртаваць калектыў, дзякуючы іх прафесіяналізму арганізацыі развіваюцца, умацоўваюцца, паказваюць добрыя вынікі.
Цырымонія, дзе падводзіліся вынікі традыцыйнага штогадовага конкурсу за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, абслугоўвання галіны, арганізаваў абласны аграпрамысловы саюз. Як адзначыў выканаўчы дырэктар ААС Сяргей  Ашмянцаў, сельгасвытворцы
Брэстчыны летась паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі, асабліва ў жывёлагадоўлі, дзе Брэсцкая вобласць паказала лепшы ў краіне вынік па вытворчасці малака і мяса. І гэта нагода для гонару!
Сярод 25 пераможцаў і ў сёлетнім конкурсе ёсць адрасы славы з Ляхавіцкага раёна. Сярод паспяховых маладых кіраўнікоў, якія на пасадзе менш за пяць гадоў, другое месца ў старшыні СВК «Ляха-
віцкі» Івана Вітко. Дарэчы, некалькі гадоў назад Іван Вітко заняў трэцяе месца ў гэтай намінацыі. Вітко – той старшыня, які ўмее працаваць з людзьмі, азіраецца на вопыт сваіх папярэднікаў і бачыць перспектыву, эканамічна граматны кіраўнік і не стамляецца вучыцца, перш за ўсё ў свайго галоўнага настаўніка – бацькі, які сапраўдны ас сельскай гаспадаркі.
– Адзнака работы кіраўніка заслуга ўсяго калектыву, дзякуючы
кожнаму з тых, хто працуе ў «Ляхавіцкім», мы маем сёння стабільныя поспехі ў раслінаводстве і выдатныя дасягненні ў жывёлагадоўлі. Так, важкі вынік – 8664 кілаграмы малака ў год на адну карову, але гэта не мяжа, сёлета плануем дасягнуць 9000 кілаграмаў. Гэта гаспадарцы па сілах. Са знакам плюс павінны спрацаваць і па іншых вытворчых паказчыках. А гэта, адпаведна,  дабрабыт нашых людзей, – адзначае
старшыня «Ляхавіцкага».
Іван Вітко адзначыў, што перамога – гэта заўжды прыемна, але ўдзел у цырымоніі – яшчэ і выдатная магчымасць сустрэцца з калегамі, узняць хвалюючыя пытанні, падзяліцца вопытам.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.