У саюзе з кукурузай. У Ляхавіцкім раёне сеюць кукурузу

Надвор’е гэтай вясны, здаецца, некалькі выйшла за рамкі тыпавых традыцый. На самым пачатку пасяўной вясны аграрыям даводзілася змагацца за вільгаць, а пазней – быў такі час і такія ўчасткі палёў, што і з ёю. Тым не менш, сёння ўжо можна гаварыць пра апошнія гектары і самыя цеплалюбівыя сельгаскультуры.


Механізатар Сяргей Шпак.

У першую чаргу, размова ідзе пра кукурузу, пасяўныя плошчы якой складуць прыкладна дзевяць тысяч гектараў. З іх больш як дзве з паловай тысячы мяркуецца сабраць зернем. Кукурузна-зерневы клін адвялі сабе ўсе ляхавіцкія гаспадаркі, у тым ліку і некаторыя фермерскія. «Жарабковічы», «Шлях новы», «Нача», «Белазем’е» сяўбу кукурузы на зерне гэтым часам ужо завяршылі.
Завяршыў з зернем, але не скончыў з кукурузай і СВК «Ляхавіцкі». У мінулую сераду работы актыўна-роўна працягваліся. Эстафету на пасяўным палетку ўзначальваў падрыхтоўшчых глебы АКШ. Услед за камбінаваным шыроказахватным, ледзь не наступаючы таму на колы, сваю партыю выконвала спецыяльная кукурузная сеялка пад кіраўніцтвам механізатара Сяргея Шпака. Вопытны, умелы, не вузкага профілю механізатар за дзень працы ў полі здольны «зрабіць»
30 пасяўных гектараў. Але гэта сярэдняя лічба, якая характэрна для сярэдняга ж поля. А калі палетак вялікай контурнасці, то і пад 40 нават.
– Вільгаць ужо адышла. Як раней, аб’язджаць, каб пасля вярнуцца на нізкія месцы, сеялцы ўжо не даводзіцца. Скажу больш, на нашы палі ўжо і дожджык быў бы не лішнім, –  разважае старшыня сельгаскааператыва Іван Вітко.

Вадзіцель Аляксандр Кірыенка.

У бягучым годзе ў СВК «Ляхавіцкі» запланавана заняць пад кукурузу 550 гектараў поля. У тым ліку сотня гектараў будзе зерневай, адпаведна, 450 – убяруцца «зялёнымі».
У якасці насення выкарыстоўваюцца ў асноўным гібрыды кукурузы айчыннай вытворчасці. Такія як «крэмень», «лювена» і некаторыя іншыя, што тычыцца зерневай часткі пасеваў.
Акрамя таго, некалькі слоў хочацца сказаць пра грэчку і бульбу. Свае тры дзясяткі гектараў крупяной культуры «Ляхавіцкі» пасеяў ужо, а паўсотні бульбяных – пасадзіў. Бульба ў раёне каторы год не ў
фаворы. Калі не лічыць фермераў, яшчэ толькі «Жарабковічы» адвялі пад 50 гектараў поля.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.