Трава, тэхніка, траншэі. На пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама былі падведзены вынікі ацяпляльнага і агучаны задачы на сезон корманарыхтоўчы

А галоўнае – людзі, ад работы якіх ў касавічны час залежыць багацце кармавога стала жывёлагадоўлі. І, адпаведна, працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама былі падведзены вынікі ацяпляльнага і агучаны задачы на сезон корманарыхтоўчы.
Акрамя выключнай жыццёвай важнасці, названыя сезоны можна было б аб’яднаць яшчэ з пазіцыі іх працягласці. Прыблізна паўгода займае і першы, і, калі ў цэлым, другі. Але, калі ў маі ацяпляльны ўжо завершаны, то корманарыхтоўчы толькі пачынае разгортвацца, стартуе першы яго этап.

Выступаючы з дакладам аб мерах, што прымаюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна па забеспячэнні грамадскай жывёлагадоўлі высакаякаснымі кармамі, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык асаблівую ўвагу засяродзіў на якасных характарыстыках.
– На сённяшні дзень прынцыпова новыя патрабаванні прад’яўляюцца да якасці ўсіх відаў кармоў, перш за ўсё – травяністых, каб выключыць іх значны перарасход на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Кармы павінны быць збалансаванымі па ўсіх кампанентах, асабліва па бялку, – лейтматывам прагучала думка.
Агульнавядома, што асновай, на якой выбудоўваюцца як якасныя, так і колькасныя паказчыкі канчатковага прадукту, з’яўляецца кармавая база.
А яна, як прагучала, у большасці гаспадарак Ляхавіцкага раёна не ў поўнай меры адпавядае патрэбам жывёлагадоўлі, што, у сваю чаргу, служыць адной з галоўных прычын невысокага ўзроўню вытворчасці ў раёне мяса-малочнай прадукцыі.
– Аб’ёмы вытворчасці кар-
моў на працягу многіх гадоў заставаліся практычна на адным і тым жа ўзроўні і не дазваляюць на сённяшні дзень гаварыць, што рацыён кармлення жывёлы аднатыпны, збалансаваны, – адзначыў начальнік райсельгасхарчу.
Каб забяспечыцца кармамі па поўнаму, гаспадаркі абавязаны гарантаваць выкананне комплексу важных умоў. Мець адпаведную задачам структуру і якасць кармавых угоддзяў, тэхнічную магчымасць ажыццяўляць сяўбу, наступныя догляд за пасевамі і нарыхтоўку кармавой масы. Не абысціся без поўнай забяс-
печанасці нарматыўнымі кармавымі сховішчамі, дастатковай
колькасці падрыхтаваных кадраў, стымулююча адладжанай схемы аплаты і аховы працы.
У гэтым годзе ў раёне пад першы ўкос падпадае 11 тысяч гектараў траў. З іх у «Жарабковічах» першым разам належыць скасіць-убраць тры з паловай тысячы гектараў, на тысячу менш – у «Шляху новым», у астатніх пяці гаспадарках першаўкосныя плошчы складаюць ад 900 да 1100 гектараў. З угоддзяў на пачатковым этапе корманарыхтоўкі раёну патрабуецца «ўзяць» 63 тысячы тон сенажу. І, магчыма, некаторыя сотні тон сена, хоць апошнім часам асобныя гаспадаркі не асабліва робяць стаўку на гэту кармавую пазіцыю.
Амаль кожная дзясятая тона сянажных нарыхтовак павінна быць у палімернай упакоўцы. І вось тут будзе вельмі дарэчы ўзгадаць ЗАТ «Белпрампрыбор» – гаспадарку, дзе такі спосаб кансервавання травяністай масы з’яўляецца прыярытэтным.
Што тычыцца пытанняў тэхнічнага забеспячэння касавіцы, то, па стане на 4 мая, з 22 наяўных у сельгасарганізацыях раёна корманарыхтоўчых камбайнаў у стане гатоўнасці знаходзілася два дзясяткі. З 15 шыроказахватных – ад шасці метраў і больш – касілак спраўнымі значыліся 12, а з 78 адзінак тэхнікі для транспарціроўкі сянажнай масы не падрыхтаванымі для работы заставалася чатыры.
Скасіць і ўбраць траву, магчыма, і не паўсправы нават. Захаваць сянажную масу, каб «выспеў» якасны корм, з’яўляецца задачай першачарговай важнасці. Як прагучала падчас разгляду пытання, ніякіх «курганаў» – закладванне павінна ажыццяўляцца толькі ў спецыяльныя сховішчы. Для захоўвання сенажу і сіласу ў сельгасарганізацыях раёна налічваецца 123 траншэі, разлічаныя ў суме на закладку 260 тысяч тон кармавой масы. Плануецца і існуе неабходнасць дадаткова пабудаваць у раёне арыенціровачна 11 траншэй. Недахоп апошніх мае месца ў большасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна: у «Жарабковічах» і «Шляху новым», «Начы» і «Ляхавіцкім».
Трава, тэхніка, траншэі – гэта фактары, на якіх можна і патрэбна дасягаць поспехаў на ніве кормавытворчасці. Але ж,
як і ў любой іншай справе, галоўным фактарам тут з’яўляецца чалавек-працаўнік.
Адмыслова пад касавіцу ў гаспадарках раёна распрацаваны сістэмы аплаты працы работнікаў, якія будуць заняты на корманарыхтоўчых работах. Прадугледжаны як здзельныя, так, у шэрагу выпадкаў, пагадзінныя схемы матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Будуць улічвацца рознага кшталту папраўчыя каэфіцыенты. Напрыклад, прыбаўка ў грошах чакае тых, хто працуе выключна ў рамках тэхна-
лагічных патрабаванняў, паказвае звышнарматыўную прадукцыйнасць і іншае. Такім чынам, на касавіцы можна нядрэнна паправіць свой асабісты ці сямейны бюджэт. Канешне ж, у выпадку, калі не ленавацца, выконваць сваю справу ў адпаведнасці з працоўнай і тэхналагічнай дысцыплінай.
Акрамя таго, у першую чаргу, любая праца павінна ўтрымліваць усе элементы аховы, быць бяспечнай, максімальна «здаровай».
Уборка траў першым укосам яшчэ не разгарнулася, але, як запатрабаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз, павінна быць праведзена максімальна якасна, завершана – у аптымальныя тэрміны. Лепш, калі па заканчэнні першай дэкады каляндарнага лета.

Іван КАВАЛЕНКА.